Пра гэта ён заявіў у інтэрвію расейскаму журналісту Ўладзіміру Салаўёву.
Пры гэтым апублікаваныя раней відэакадры зь месца падзеі ўжо даўно цалкам абверглі гэтую вэрсію.
Аляксандар Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. У МУС тады заявілі, што ён спрабаваў кінуць у бок сілавікоў неўстаноўленую выбуховую прыладу, а тая выбухнула ў руцэ і прычыніла яму траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Аднак відэакадры зь месца падзеі цалкам абверглі заяву МУС: Тарайкоўскі нічога ў руках не трымаў і ўпаў на зямлю пасьля раненьня ў грудзі.
19 лютага папярэдні кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што пачынаць крымінальную справу па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага ня будуць. Рашэньне ён пракамэнтаваў так:
«Сваімі дзеяньнямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны ня ведалі яго сапраўдныя матывы і мэты яго дзеяньняў, а з улікам апэратыўнай інфармацыі аб магчымых тэрактах, наяўнасьці ў пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі ўспрымалі яго як рэальную пагрозу жыцьцю і здароўю як супрацоўнікаў, так і саміх пратэстоўцаў», — заявіў тады Наскевіч.
Ён указаў, што сілавікі дзейнічалі «выключна ў рамках наяўных у іх інструкцый», ужыўшы супраць Тарайкоўскага несьмяротную зброю, дзеяньне якой было «накіравана не на паражэньне, а на яго фізычнае прыпыненьне, зь бясьпечнай адлегласьці, якая выключае летальны зыход».
«У сілу зьбегу шэрагу трагічных абставін адно з раненьняў аказалася пранікальным, у выніку якога сьмерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэньня», — дадаў Наскевіч.
Пры гэтым ужо былы кіраўнік СК тады не пракамэнтаваў вэрсію гібелі Тарайкоўскага, выказаную МУС. Тым ня менш яе паўтарыў Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію Салаўёву:
«Як ён загінуў? Ён падхапіў гранату сьвятлашумавую. Гэтага ж ніхто ня бачыў у натоўпе. Праваахоўнікі кідалі, ён падхапіў і замахнуўся, каб кінуць яе назад. А ў АМАПаўцаў рэакцыя якая? Тамака жа не разгледзіш, тым больш гэта было ўначы. Яны ўбачылі і адразу на паражэньне. Праўда стралялі, па-мойму, не баявымі. Баявыя не прымянялі. А, па-мойму, турэцкія гумовыя кулі былі гэтыя, яны вельмі жорсткія і трапілі ў яго. Вось так ён загінуў», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня 2020 году на скрыжаваньні ля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. За яго сьмерць ніхто не асуджаны, хоць расьсьледвальнікі выявілі ўсіх, хто ўдзельнічаў у забойстве. Па зьвестках @euroradio, сілавік, які націснуў на курок, ужо даўно пакінуў Беларусь.
Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.