Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскія ляўрэаткі Алексіевіч і Мюлер скрытыкавалі ўлады Нямеччыны за адмову даць зброю Ўкраіне


Герта Мюлер
Герта Мюлер

На старонках выданьня «Spiegel» дзьве нобэлеўскія ляўрэаткі, Герта Мюлер і Сьвятлана Алексіевіч, зьвярнуліся да Нямеччыны з просьбай аб тэрміновай пастаўцы зброі Ўкраіне. У сваім артыкуле суаўтаркі рэзка скрытыкавалі нямецкія ўлады, абвінавачваючы іх у кампрамэтацыі краіны на вачах усяго сьвету.

На думку Сьвятланы Алексіевіч, падтрымка Ўкраіны важная ня толькі для Кіева, але і для суседняй Беларусі, піша Deutsche Welle, спасылаючыся на публікацыю. Алексіевіч згадала, што падчас аднаго са сваіх візытаў ва Ўкраіну, дзе яна нарадзілася, яна стала сьведкай перавозкі целаў украінскіх вайскоўцаў, забітых на Данбасе.

«На працягу стагодзьдзяў было прынята, каб людзі пакідалі хаты і стаялі на каленях ля дарогі. Гэта было шакавальнае відовішча. Гэтых хлопцаў пастралялі расейскія найміты. Нямецкія палітыкі, якія ўжо адмаўляліся ад паставак зброі гэтым хлопцам, павінны ведаць такія сцэны, каб зразумець, што ім цяпер рабіць», — тлумачыць Алексіевіч.

Цяперашнюю сытуацыю шмат у чым спарадзіла нежаданьне людзей чытаць пра савецкія забойствы, і гэта нясе небясьпеку на будучыню, якая зноў паходзіць ад Масквы, піша Алексіевіч.

Герта Мюлер лічыць, што Нямеччына «ня можа спасылацца на сваё нацысцкае мінулае, каб апраўдаць адмову ад паставак зброі Ўкраіне». Акурат дзякуючы гісторыі Нямеччына павінна цяпер дапамагчы. Ранейшае рашэньне нямецкіх палітыкаў адправіць шаломы было, на яе думку, «ганьбай для ўсяго сьвету».

«Будуць далей адпраўляць фэнхель у мяхах? Або труны для загінулых украінскіх воінаў?» — іранічна запытала яна.

Словы кіраўніка дыпляматыі Анналены Бэрбак «Хто гаворыць, той не страляе» Мюлер ахарактарызавала як «дурны зношаны лёзунг». На яе думку, занепакоенасьць стаўленьнем афіцыйнага Бэрліну да сытуацыі цалкам апраўданая.

«Украінцы павінны ўмець абараняцца», — падкрэсьліла яна.

Таксама Мюлер заявіла, што палітыка Ўладзіміра Пуціна пагражае ня толькі Ўкраіне, але і ўсім краінам Усходняй Эўропы. Паводле яе словаў, Нямеччына трапіла ў залежнасьць ад Масквы, купляючы яе газ і нафту, а за прыбытак ад гэтага Пуцін купляе зброю і тэстуе яе на Сырыі, хочучы перасунуць агрэсію і ў Эўропу.

«Чаму румыны, палякі і ўсе астатнія абавязкова хацелі ў NATO? Не для нападу на Расею, а для абароны ад Расеі».

Сьвятлана Алексіевіч — пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі 2015 году. Крытыкавала савецкі рэжым, а таксама рэжым Лукашэнкі ў незалежнай Беларусі. Герта Мюлер, якая атрымала ўзнагароду ад Швэдзкай акадэміі ў 2009 годзе, — нямецкая аўтарка паэзіі і прозы, нарадзілася і вялікую частку жыцьця пражыла ў Румыніі, дзе была ў апазыцыі да рэжыму Чаўшэску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG