Вядомы чачэнскі палітык, кіраўнік ураду Ічкерыі ў выгнаньні Ахмэд Закаеў, які жыве ў палітычнай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, у інтэрвію блогу «Фейгин. Live», выказаўся пра сытуацыю ў Беларусі.
На думку Ахмэда Закаева, беларусы, якія ў гэтыя гады цярпяць ад рэжыму Лукашэнкі, цалкам залежнага ад рэжыму Пуціна ў Маскве, не забудуць таго, што робіць супраць Беларусі суседняя Расея. Новае пакаленьне беларусаў, якое ўжо вырасла, ужо ніколі ня будзе займаць прарасейскіх пазыцый, а наадварот, яшчэ больш павернецца да Захаду.
«Зірніце, што робіцца ў Беларусі. Самая прарасейская краіна Беларусь стане самай антырасейскай. Бо той электарат, які за Лукашэнку і Пуціна, ён фізычна сябе зжыве. А вось новае пакаленьне, якое сёньня гнояць з падачы Пуціна і Расеі, будзе пра гэта памятаць. І будзе асацыяваць сябе з заходнім сьветам. Тое, што Пуцін робіць цяпер у Беларусі, ува многім задавальняе калектыўны Захад».
Закаеў меў на ўвазе доўгатэрміновую пэрспэктыву. Чачэнскі палітык мяркуе, што Пуцін сваёй палітыкай рэзка адвярнуў ад сябе «калісьці самую антызаходнюю дзяржаву — Украіну», Грузію і іншых, у тым ліку Беларусь. Таму ўсё больш дзяржаў, якія раней знаходзіліся ці пакуль яшчэ знаходзяцца пад уплывам Крамля, у выніку робяцца празаходнімі.
«Калі ўзяць пэрыяд з 2000 году, то бачым, што паводзіны Пуціна цалкам адпавядаюць жаданьням калектыўнага Захаду, які раней супрацьстаяў СССР, а цяпер Кітаю. Чым у выніку завяршыўся пуцінскі ўльтыматум? Поўным задавальненьнем Захаду! Усе рашэньні, якія яны хацелі рэалізаваць, але не маглі без існаваньня таго ўльтыматуму, яны рэалізавалі», — дадаў Закаеў.
Поўнамаштабная вайна з Украінай, па словах чачэнскага палітычнага дзеяча, немагчымая, бо гэта магло б прывесьці да незваротных наступстваў для самой Расеі і рэжыму, які знаходзіцца ў Крамлі.
«Пуцін так страсянуў Украіну, што падрыхтаваў яе для абароны ад якой заўгодна агрэсіі. Украіна гатовая біцца як ніколі, і яна будзе біцца. Пуцін ужо перажыў адну „геапалітычную катастрофу“ — развал СССР, асноўнай прычынай якога была вайна ў Афганістане. І лезьці сёньня ва Ўкраіну з вайной... Гэта ж не Чачэнія — 14 тысяч квадратных кілямэтраў і 1 млн насельніцтва, дзе мы, ня маючы тылу, супраціўляліся 20 гадоў!
А вы ўявіце сабе ўкраінцаў, якія ў свой час ваявалі супраць трох дзяржаў — СССР, Нямеччыны і Польшчы, каб яны зараз з такой падтрымкай заходніх дзяржаў у запасе далі Пуціну акупаваць сваю тэрыторыю. Вядома, не! Я ўпэўнены, што Пуцін ад пачатку блефаваў, і Захад з дапамогай сваіх выведак гэта знаў, але сказаў: „Вы нам пагражаеце? А мы вам паверылі“. І таму завезьлі лятальную зброю ва Ўкраіну, узмацнілі пазыцыі па ўсёй Эўропе».
Чачэнская рэспубліка Ічкерыя — назва Чачэніі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Расея ўзброеным шляхам здушыла памкненьні чачэнцаў стварыць сваю незалежную дзяржаву ў 90-я гг. Ахмэд Закаеў быў удзельнікам Першай чачэнскай вайны (1994–1996), міністрам культуры і віцэ-прэм’ерам Ічкерыі, з 1996 — міністар замежных справаў чачэнскага ўраду, спачатку на радзіме, затым у выгнаньні, куды адправіўся ў 2000 годзе праз Турэччыну. Масква патрабавала ад эўрапейскіх краін выдачы Закаева, але атрымала адмову. Цяпер Ахмэд Закаеў жыве ў Лёндане.