Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Джо Байдэна. Раней сёньня гэтую інфармацыю пашырыў тэлеканал CNN.
Паведамляецца, што 2 тысячы вайскоўцаў ЗША будуць перакінутыя з базы Форт Брэг у штаце Паўночная Караліна ў Польшчу і Нямеччыну, а яшчэ тысяча, што дысьлякуюцца цяпер у Нямеччыне, — у Румынію.
Дадатковыя войскі ЗША ня будуць браць ніякага ўдзелу ў патэнцыйна магчымых баявых дзеяннях ва Ўкраіне. Пра гэта заявіў у сераду на брыфінгу для журналістаў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кэрбі.
«Гэтыя сілы ня маюць намеру ваяваць ва Ўкраіне. Яны будуць забясьпечваць надзейную абарону нашых саюзьнікаў з NATO», - падкрэсьліў ён.
Раней ЗША прывялі 8500 вайскоўцаў у стан поўнай гатовасьці да адпраўкі ў Эўропу. Як паведамляе CNN, у Польшчу і Румынію будуць адпраўленыя часткова вайскоўцы з гэтага ліку, а часткова — зь іншых эўрапейскіх краінаў, дзе ўжо цяпер знаходзяцца амэрыканскія вайскоўцы, перш за ўсё зь Нямеччыны. Паводле дадзеных агенцтва Reuters, з ЗША прыбудуць прыкладна 2 тысячы вайскоўцаў.
Байдэн на мінулым тыдні заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы будуць накіраваныя ў Эўропу «ў найбліжэйшым часе», дадаўшы, што гаворка ідзе пра невялікую колькасьць вайскоўцаў.
Паведамлялася таксама, што Брытанія неўзабаве накіруе ў Польшчу і Эстонію дадатковы кантынгент.
ЗША і іх саюзьнікі неаднаразова заяўлялі, што любыя агрэсіўныя дзеяньні Расеі ў адносінах да Ўкраіны прывядуць да росту колькасьці вайскоўцаў NATO, разьмешчаных на так званым усходнім флянгу Паўночнаатлянтычнага саюзу. Адпраўка войскаў у саму Ўкраіну не плянуецца.