Пра арышт настаўніцы і вучняў паведамляе Голас Амэрыкі са спасылкай на Радыё Вольная Азія.
У канцы 2020 году Паўночная Карэя прыняла жорсткі закон аб ліквідацыі рэакцыйнай думкі і культуры, караючы грамадзян за шырокі спэктар правапарушэньняў, у асноўным зьвязаных з праглядам, захоўваньнем або распаўсюдам СМІ з капіталістычных краін, уключаючы Паўднёвую Карэю і ЗША. Закон прадугледжвае сьмяротнае пакараньне як самую суворую меру.
Прыняты закон за першы год дзеяньня ўжо выкарыстоўваўся для пакараньня кіроўцаў за танаваньне шкла, студэнтаў за вусную мову і слэнг паўднёвакарэйскага кшталту, а цяпер, па словах крыніц, інструктараў па танцах, якія вучаць моладзь пераймаць рухі замежных зорак эстрады.
«Антысацыялістычная інспэкцыя злавіла 30-гадовую настаўніцу танцаў, якая выкладала падлеткам танцы-дыска ў замежным стылі ў Янцзі-доне, горад Пхэньсон», — ананімна паведаміла жыхарка Пхэньсону, што знаходзіцца на паўночным захадзе.
На месцы, дзе ў той дзень затрымалі выкладчыцу танцаў, да тэлевізару з пляскатым экранам была падключана флэшка з замежнымі песьнямі і танцавальнымі відэа, дадала крыніца.
Жыхары Паўночнай Карэі, найчасьцей з заможнай паводле мясцовых прыбыткаў клясы, набываюць USB-флэшкі, якія кантрабандай дастаўляюцца морам з Кітаю. Але ўлады краіны працягваюць змагацца з прадукцыяй капіталістычных краін. Паводле новага закону за выкарыстаньне электронных носьбітаў з замежнымі фільмамі затрымлівалі і дачку правінцыйнага чыноўніка.