Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэкіне ва ўмовах пандэміі адкрываецца Алімпіяда-2022


У Пэкіне ў пятніцу, 4 лютага, праходзіць цырымонія адкрыцьця зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 году

Сталіца Кітаю стала першым горадам у гісторыі, які прыме як летнія, так і зімовыя Алімпійскія гульні. І зробіць гэта з рэкордна кароткай розьніцай у 14 гадоў.

ЗША, а ўсьлед за імі і шэраг іншых краінаў абвясьцілі пра дыпляматычны байкот зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 году ў Пэкіне праз масавыя парушэньні кітайскімі ўладамі правоў чалавека. Байкот не закране спартоўцаў. Ён азначае толькі адмову ўрадавых чыноўнікаў з гэтых краінаў наведваць Гульні.

А вось прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у панядзелак будзе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця Гульняў, хоць афіцыйна зборная Расеі да іх не дапушчаная за допінгавыя парушэньні. Расейцы выступаюць як «нэўтральныя спартоўцы» пад сьцягам Алімпійскага камітэту Расеі.

Фармальна і Пуцін наведвае Алімпіяду не на запрашэньне Міжнароднага Алімпійскага камітэту, а на запрашэньне старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Чакаецца, што два лідэры правядуць палітычныя перамовы. Гэта першая асабістая сустрэча кітайскага лідэра з кіраўніком замежнай краіны ад пачатку пандэміі 2 гады таму.

Акрамя Пуціна, у Пэкін прыедуць лідэры каля дваццаці краінаў, сярод іх — кіраўнікі Казахстану, Кіргізстану, Узбэкістану, Туркмэністану, Эгіпту, Польшчы, Сэрбіі, Аргентыны, кароль Камбоджы, насьледныя прынцы Саудаўскай Арабіі і Абу-Дабі.

Аляксандар Лукашэнка на Алімпіяду не паехаў.

Праз пандэмію ўсе мерапрыемствы зімовых Алімпійскіх гульняў будуць праходзіць у так званай «бурбалцы», якая выключае кантакты алімпійцаў зь мясцовымі жыхарамі. На тэрыторыі «бурбалкі» знаходзяцца аэрапорт, усе спартовыя абʼекты, прэс-цэнтры і алімпійскія вёскі.

З 23 студзеня, калі пачалі прыбываць першыя ўдзельнікі Гульняў, было зафіксавана каля 300 выпадкаў заражэньня каранавірусам, зь іх больш за 100 — сярод спартоўцаў і прадстаўнікоў камандаў. Але шпіталізацыя нікому не спатрэбілася.

Трыбуны на спаборніцтвах будуць запоўненыя толькі на 30 працэнтаў. Заўзятараў-іншаземцаў на гульні ня пусьцяць. Улады Кітаю адмовіліся ад адкрытага продажу квіткоў на Гульні. Іх разьмяркуюць сярод пэўных груп людзей — напрыклад, прадстаўнікоў спонсараў Алімпіяды.

Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пэкіне афіцыйна пройдуць з 4 па 20 лютага, на іх будзе разыграна 109 камплектаў мэдалёў у 15 дысцыплінах па сямі відах спорту.

Паводле афіцыйных зьвестак, бюджэт Алімпіяды-2022 складае каля 4 мільярдаў даляраў. Аднак, як падлічыла расейскае агенцтва РБК, насамрэч выдаткі на падрыхтоўку Гульняў перавысілі афіцыйны бюджэт прыкладна ў дзесяць разоў, зрабіўшы іх аднымі з самых дарагіх у гісторыі пасьля Сочы-2014 і Пэкіну-2008.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG