Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Ціманоўская ўпершыню выйшла на дарожку пасьля скандалу на Алімпіядзе


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Беларуска працягнула спартовую кар’еру хутчэй за многія прагнозы. Роўна праз два тыдні пасьля скандалу яна зноў выступіла ў спаборніцтвах.

15 жніўня Крысьціна Ціманоўская паўдзельнічала ў Мэмарыяле Веслава Маняка ў польскім Шчэціне. На абедзьвюх дыстанцыях, у бегу на 100 і 200 мэтраў, Крысьціна фінішавала 3-й. У афіцыйных пратаколах змаганьняў яна ўсё яшчэ фігуравала як прадстаўніца Беларусі.

У абодвух забегах перамагла полька Пія Скшышоўская.

«Сёньня мне было важна проста вярнуцца і пабегчы. Аднак было цяжка, бо не трэнавалася тры тыдні. Спадзяюся, што і далей змагу стартаваць на турнірах», — сказала Ціманоўская ў інтэрвію TVP Sport пасьля забегаў у Шчэціне.

У Мэмарыяле Веслава Маняка ўзяла ўдзел і іншая беларуска — Марыя Жодзік, якая таксама не змагла выступіць на Алімпійскіх гульнях празь Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі, якая не папярэдзіла спартоўку пра неабходную колькасьць допінг-тэстаў.

Жодзік перамагла ў скачках у вышыню, узяўшы плянку ў 191 см. Беларуска спрабавала ўжо на правах пераможцы ўзяць вышыню 194 см, але ўсе тры спробы былі няўдалымі.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG