Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты лічаць Беларусь гібрыдным саюзьнікам Расеі ў яе супрацьстаяньні з Украінай


Вайсковая тэхніка РФ у Беларусі перад вучэньнямі «Саюзная рашучасьць – 2022»
Вайсковая тэхніка РФ у Беларусі перад вучэньнямі «Саюзная рашучасьць – 2022»

У сувязі з новым этапам эскаляцыі адносінаў паміж Расеяй і Украінай маглі зьмяніцца адносіны паміж рознымі краінамі. Каго можна назваць саюзьнікамі Расеі, а каго — Ўкраіны, і чаму такі падзел нельга назваць адназначным, «Настоящее время» спытала ў экспэртаў.

Наколькі можна спадзявацца на NATO

Украінскі палітоляг-міжнароднік Ільля Куса лічыць, што важна адрозьніваць паняцьці «саюзьнікі» і «партнэры». У геапалітыцы яны маюць вельмі розныя значэньні.

«Cаюзьнікаў у ваенна-палітычным пляне ва Ўкраіны няма. Гэта трэба дакладна разумець. Няма краіны, якая мае юрыдычныя абавязаньні абараняць яе войскамі, як, напрыклад, у NATO. Мы, Украіна, маем партнэраў, якіх можна падзяліць па градацыі: з кім больш цесныя адносіны, хто гатовы рабіць больш, хто менш», — кажа палітоляг.

Паводле Ільлі Кусы, у «першай пяцёрцы партнэраў» Украіны — Польшча, Літва, ЗША, таксама можна назваць такім партнэрам Турэччыну, але «трэба аналізаваць асобна».

«У паўнавартасным разуменьні менавіта «хаўрусьнікаў» у заходнім разуменьні ва Ўкраіны няма. І таму тут, мне здаецца, у Кіеве гэта разумеюць. Таму прэзыдэнт Зяленскі апошнім часам робіць упор на тое, што мы павінны рабіць стаўку на свае сілы. Гэта лёгіка зразумелая і правільная, — дадае Ільля Куса.

Беларусь — «гібрыдны саюзьнік»

Беларускі палітоляг Андрэй Ягораў лічыць, што ня варта зважаць на ваяўнічую рыторыку Аляксандра Лукашэнкі. Лепш глядзець на ягоныя дзеяньні.

«Асноўная канструкцыя саюзьнікаў-праціўнікаў у цэлым не зьмянілася за гэты час. З аднаго боку, мы маем Захад у шырокім сэнсе — міжнародную супольнасьць. З другога — Расея і яе сатэліты на постсавецкай прасторы: Беларусь, краіны сябры АДКБ. Ня ўсіх з гэтых хаўрусьнікаў Расеі трэба лічыць супернікамі Ўкраіны.

Тая ж Беларусь, якая нібыта адлюстроўвае поўную ляяльнасьць Расеі ў бягучым канфлікце, праводзіць цяпер сумесныя вучэньні, — далёка не праціўнік Украіны ў гэтай сытуацыі. Яна за кошт сымуляцыі спрабуе выгадаць для сябе нейкія прэфэрэнцыі з боку Расеі, але ўвогуле ніяк не жадае канфліктаваць з Украінай», — кажа Ягораў. Паводле яго, трэба ў меншай ступені зважаць на словы Лукашэнкі і ў большай — на рэальныя дзеяньні Беларусі, бо Лукашэнка «можа гаварыць што заўгодна, а пры гэтым пастаўляць электрычнасьць ва Ўкраіну» або запчасткі, кампанэнты ваеннай вытворчасьці.

«Лукашэнка — гібрыдны саюзьнік Украіны. І зараз ён ператварыўся з гібрыднага саюзьніка Ўкраіны ў гібрыднага саюзьніка Расеі. Гэта і ня нашым, і ня вашым. Цяпер каньюнктурна выгадна з Расеяй», — дадае палітоляг.

На думку Ягорава, ніякая вайна з Украінай Лукашэнку не патрэбна, бо Беларусь ад гэтага сурʼёзна пацярпіць. Калі Расея пачне вайну з Украінай і выкарыстае тэрыторыю Беларусі, дык гэта канец сувэрэнітэту Беларусі.

Наколькі рэальна Кітай гатовы падтрымліваць Расею?

Расейскі палітоляг і запрошаны дасьледчык Міжнароднага Цэнтру ў пытаньнях абароны і бясьпекі Ігар Грэцкі лічыць, што ў Крамлі выдатна разумеюць, што ў выпадку абвастрэньня, напрыклад, такі партнэр Расеі, як Кітай, ніколі ня будзе ваяваць на тэрыторыях постсавецкай прасторы.

«Усе гэтыя кантакты кардынальна расстаноўку сіл на міжнароднай арэне не зьмянілі. Але ёсьць нюансы. Апошнія 2 месяцы расейскі бок падкрэсьлівае, што ён знаходзіцца ў канфлікце ня з Захадам сам-насам, будучы ў ізаляцыі, а яго пазыцыю падтрымлівае Кітай.

Кітай сапраўды крыху крытычна глядзіць на ўсё, што зьвязана з NATO, з пашырэньнем, але ў пэрыяд эпідэміі, у пэрыяд спаду попыту на кітайскія тавары Кітай не зацікаўлены, каб зьяўляўся яшчэ адзін пункт канфлікту, каб гэта неяк уплывала і пагаршала попыт. Кітай зацікаўлены ў эканамічным росьце. Палітычна Кітай, магчыма, і падтрымлівае Расею, але толькі да таго пункту, дзе пачынаюцца рэальныя дзеяньні», — кажа Ігар Грэцкі.

Паводле яго, пляны гіпатэтычнага расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны Кітай ніколі ня ўхваліць, і Расея разумее гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG