Аляксандар Лукашэнка 3 лютага прыняў даверчыя граматы ў новых паслоў Віетнаму, Дамініканскай Рэспублікі, Лаосу, Марока, Нігерыі, Расеі, Чаду і Шры-Ланкі, паведамляе БелТА.
Лукашэнка акцэнтаваў увагу амбасадараў на тым, што іхныя місіі пачынаюцца перад рэфэрэндумам аб Канстытуцыі. Ён сказаў, што лічыць гэтую палітычную кампанію «цалкам адпаведнай усім дэмакратычным нормам». Таксама Лукашэнка паскардзіўся амбасадарам на заходнія санкцыі.
«Дэстабілізацыі становішча ў сьвеце садзейнічае ўсё больш маштабнае прымяненьне некаторымі дзяржавамі нелегітымных санкцый як адной з праяў нэакаляніялізму супраць непажаданых ім краін, што непазьбежна вядзе да санкцыйных войнаў», — сказаў ён, пры гэтым параўнаўшы бягучую палітычную сытуацыю з той, што папярэднічала Другой усясьветнай вайне.
Вітаючы пасла Расеі Барыса Грызлова, Лукашэнка сказаў:
«Усе вас добра ведаюць у Беларусі як даўняга сябра і цэняць ваш вялікі ўнёсак ва ўмацаваньне і разьвіцьцё ўзаемадзеяньня паміж нашымі краінамі».
Паводле Лукашэнкі, перад Менскам і Масквой стаяць «вялікія, амбіцыйныя задачы».
«2021-ы ўвайшоў у гісторыю нашых дзяржаў як год прыняцьця лёсавызначальных рашэньняў аб паглыбленьні эканамічнай інтэграцыі, якія дадуць магчымасьць вывесьці стратэгічнае партнэрства на якасна новы ўзровень. Я вельмі разьлічваю, што ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці вы як дасьведчаны кіраўнік будзеце садзейнічаць умацаваньню шматплянавых беларуска-расейскіх сувязяў і разьвіцьцю інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня».
Барыс Грызлоў стаў ужо пятым паслом Расеі ў Беларусі з 2018 году.
А што з заходнімі амбасадарамі
Швайцарская дыпляматычная місія, пра падрыхтоўку вяртаньня якой стала вядома раней, пакуль працу не пачала. Фэдэральны ўрад плянаваў накіраваць у Менск новую амбасадарку. Паведамлялася, што ў лютым Крыстынэ Гонэгер Залатухін прыляціць у Менск і наведае палітзьняволеную грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ, якая неаднойчы сыходзіла ў галадоўку за кратамі празь невыносныя ўмовы ўтрыманьня.
У Швайцарыі пры гэтым ня лічаць будучае ўручэньне грамат Лукашэнку прызнаньнем яго легітымнасьці, аднак разьлічваюць, што праца пасла ў беларускай сталіцы паспрыяе паляпшэньню ўмоваў для Хершэ ў турме.
Краіны Захаду не прызнаюць Лукашэнку легітымна абраным прэзыдэнтам, іх амбасадары адмаўляюцца ўручаць яму даверчыя лісты. Па гэтай прычыне Менск вымушаны быў пакінуць амбасадар Францыі Нікаля дэ Лякост.