Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь юрыдычнага факультэту БДУ «па сьпісах» звольнілі яшчэ траіх выкладчыкаў


Пікет студэнтаў юрфаку БДУ 15 верасьня 2020 году
Пікет студэнтаў юрфаку БДУ 15 верасьня 2020 году

Улады працягваюць звальненьні з палітычных прычынаў, цярпіць і ўнівэрсытэцкае асяродзьдзе, дзе адміністрацыя пагаджаецца расстацца з выкладчыкамі.

Прафэсары Юлія Гаўрыльчанка і Кірыл Тамашэўскі і старшая выкладчыца Тацяна Аўдзеева больш не выкладаюць на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яны звольненыя «па сьпісах», піша тэлеграм-канал студэнтаў і выкладчыкаў юрфаку Law Verum.

«На гэты момант вядома пра некалькіх топавых юрыстаў, якія былі вымушаныя пакінуць выкладаньне ў БДУ і сваіх студэнтаў, нават ня ўбачыўшы, як тыя выпускаюцца», — адзначае канал.

  • Юлія Гаўрыльчанка — доктар юрыдычных навук, прафэсар катэдры гаспадарчага права, адна з заснавальніц магістратуры па IT-праве;
  • Кірыл Тамашэўскі — доктар юрыдычных навук, прафэсар катэдры грамадзянскага працэсу і працоўнага права;
  • Тацяна Аўдзеева — старшы выкладчык катэдры грамадзянскага права.

Зьявілася інфармацыя, што звольнены з факультэту і Сяргей Пратасавіцкі — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт катэдры грамадзянскага права. Адзін з аўтараў камэнтару да Грамадзянскага кодэксу, які вывучаецца ўсімі студэнтамі-юрыстамі. Аднак затым канал абверг гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што інфармацыя аказалася недакладнай.

Гэта ня першыя «чысткі» на факультэце: у 2020-2021 «за палітыку» тут звольнілі як мінімум трох выкладчыкаў: Яраслава Ката, Алену Лаеўскую і Алену Басалай.

Ад пачатку пратэстаў пасьля масавых фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ўлады пачалі ціск на ўнівэрсытэцкую супольнасьць. Шэраг выкладчыкаў звольніліся пасьля гутарак з адміністрацыяй і спэцслужбамі, якія завяршыліся падпісаньнем заяваў «пры згодзе бакоў» або празь непадаўжэньне кантракту.

Улады ініцыявалі супраць выкладчыкаў і студэнтаў гучную крымінальную справу, асудзіўшы многіх на турэмнае зьняволеньне. Многія выкладчыкі і студэнты вымушана пакінулі Беларусь. Сілавікі тым часам затрымліваюць выкладчыкаў і студэнтаў нават у аўдыторыях падчас заняткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG