«Паважаныя падпісчыкі, адбыўся шлюб», — напісаў хлопец на сваёй старонцы.
«Мы прыйшлі ў невялікую залю, падобную на пакой для спатканьняў або перамоваў. Там была супрацоўніца ЗАГСу, дзьве супрацоўніцы СІЗА. Нічога нельга было ні перадаць. Потым мы расьпісаліся. Нас запыталіся, ці мы згодныя. „Так“. — „Так“. — „Імем Рэспублікі Беларусь абвяшчаю вас мужам і жонкай. Можаце пацалавацца“. Мы пацалаваліся, абняліся. І потым Яна пайшла да сябе ў калёнію, а я пайшоў на паркоўку да машыны, якая зламалася», — расказаў Свабодзе Валер.
Дадому Валеру з машынай павязе эвакуатар.
«Настрой у Яны нармальны. Мы ня надтаа размаўлялі, больш тэхнічныя пытаньні вырашалі. Крыху прайшлі за ручкі па калідоры, можа, два мэтры. Я кажу: „Вось, некалі зможам так гуляць увесь час“. А яна: „Ня верыцца. Мне здаецца, што гэта ўжо немагчыма“. Яна так узрадавалася, што нам дазволілі прайсьці крышку за рукі. Я таксама ўзрадаваўся. Я дагэтуль знаходжуся ў эўфарыі. У мяне бура эмоцый», — дадаў Валер.
Пара доўгі час дамагалася дазволу на шлюб, пакуль Яна знаходзіцца ў зьняволеньні. Валер узяў прозьвішча сваёй жонкі.
Падчас усяго зьняволеньня Яны Валер узяў на сябе клопат пра яе, ён насіў ёй перадачы, слаў пасылкі.
Актывістку «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» Яну Арабейку асудзілі на 2 гады калёніі за студэнцкія пратэсты пасьля выбараў 2020 году. Яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі №4 у Гомлі.