За суткі ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваныя 3634 пацыенты з COVID-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Гэта абсалютны рэкорд з пачатку пандэміі.
Паводле Мінздароўя, за 1 лютага:
- зарэгістравалі 3634 новыя выпадкі каранавірусу,
- выпісалі 3296 пацыентаў,
- памерлі 17 чалавек з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.
Агулам з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя ўжо 748 505 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Зь іх ачуняў 738 181 пацыент, памерлі 6084 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.
З канца студзеня Міністэрства аховы здароўя фіксуе рэкордныя лічбы хворых на каранавірус. Праўда, да сёньняшняга дня колькасьць новых хворых не перавышала 2,4 тысячы.
29 студзеня Міністэрства аховы здароўя прызнала, што ў Беларусі назіраецца рост захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі і каранавірус.
1 лютага Мінздароўя заявіла пра дзьве новыя формы барацьбы з COVID-19: лекары могуць ставіць дыягназ COVID-19 без правядзеньня тэстаў, а студэнты мэдычных ВНУ маюць права выдаваць бальнічныя.
Міністар аховы здароўя пракамэнтаваў выстаўленьне дыягназу COVID-19 без ПЦР-тэсту
2 лютага міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч пракамэнтаваў загад аб дыягнаставаньні COVID-19 без ПЦР-тэсту.
«Гэта таксама ня новая практыка, але яна ўжо паказала сваю эфэктыўнасьць. Давайце ўспомнім: надыходзіў эпідсэзон, нашы дактары заўсёды ставілі ВРВІ, ВРЗ. А потым раптоўна пачалі ўсім ставіць грып. Таму што калі праводзяцца дазорныя дасьледаваньні і мы бачым, што колькасьць выяўленых вірусаў грыпу становіцца большай, чым іншых, мы кажам: калегі, наступіў грып. Таму ўсім, хто мае прыкметы інфэкцыйнага захворваньня, выстаўляецца дыягназ „грып“», — сказаў Піневіч.
Паводле яго, пацьвярджэньне дыягназу тэстам не ўплывае на альгарытм лекаваньня — як у выпадку грыпу, так і ў выпадку каранавірусу. «Але калі надыходзіць ускладненьне і лекар разумее, што пацыенту патрэбна стацыянарнае лекаваньне, ён абавязкова зробіць тэст», — дадаў міністар.
На ягоную думку, каранавірус ужо ня зьнікне, але стане сэзонным захворваньнем, таксама будзе патрэбная вакцынацыя.