Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, за апошні дзень у краіне зарэгістраваны 2 302 пацыенты з COVID-19. Гэта, паводле афіцыйнай статыстыкі, рэкордная колькасьць заражаных за дзень з пачатку пандэміі.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі афіцыйна зарэгістраваны 738 601 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі за ўвесь пэрыяд распаўсюду інфэкцыі 6 024 пацыенты.
29 студзеня Мінздароўя паведаміла, што ў Беларусі назіраецца рост захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі і каранавірус. «На сёньняшні момант большасьць пацыентаў хварэюць у хатніх умовах у сувязі з чым, як і меркавалася, узрасла нагрузка на амбуляторна-паліклінічную і пэдыятрычную службы», — адзначае ведамства.
У Расеі, Літве і Польшчы таксама зафіксавалі рэкордную колькасьць інфікаваных
У Расеі за апошнія 24 гадзіны зафіксавалі 113 122 новыя выпадкі захворваньня на каранавірус, з іх 26 488 — у Маскве, паведамляе маскоўскі апэратыўны штаб барацьбы з пандэміяй. Памерлі, паводле афіцыйных зьвестак, 668 чалавек за суткі.
Упершыню з пачатку пандэміі колькасьць захварэлых у Расеі, паводле афіцыйнай статыстыкі, перавысіла 100 тысяч чалавек за адзін дзень. Напярэдадні гэты паказчык наблізіўся да сотні тысяч і склаў 98 040 хворых.
Паводле афіцыйных паведамленьняў, з пачатку пандэміі COVID-19 у Расеі было зафіксавана 11,6 мільёна выпадкаў захворваньня. Памерлі 330 111 чалавек.
У Літве за апошні дзень таксама выявілі максымальную сутачную колькасьць інфікаваных каранавірусам за ўвесь час пандэміі — 11 666 выпадкаў.
Агулам у Літве з пачатку пандэміі COVID-19 захварэлі 663 800 чалавек, памерлі больш за 7800 чалавек.
У Польшчы рэкордную колькасьць інфікаваных COVID-19 выявілі два дні таму — 57 659 чалавек. За апошні дзень колькасьць захварэлых пабольшала на 51 695 чалавек.
Агулам у Польшчы з пачатку пандэміі COVID-19 захварэлі 4,8 мільёна чалавек, памерлі больш за 105 000 чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ