Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: «Мы атрымалі адказ па гарантыях бясьпекі». Расея: «Гэта яшчэ не адказ»


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў

Дзярждэпартамэнт ЗША атрымаў пісьмовы адказ Масквы на прапановы Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў па так званых гарантыях бясьпекі для Расеі, а таксама па дээскаляцыі сытуацыі вакол Украіны.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства, а таксама піша The Washington Post.

У Дзярждэпартамэнце ня сталі раскрываць зьмест дакумэнта, адзначыўшы, што Злучаныя Штаты лічаць яго публічнае абмеркаваньне «непрадуктыўным», таму пакідаюць гэта на волю Масквы. Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту таксама заявіла, што ЗША цалкам адданыя дыялёгу і будуць працягваць кансультацыі са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі, уключна з Украінай.

Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Аляксандар Грушко, аднак, заявіў, што Расея яшчэ не перадавала ЗША адказу па тэме гарантый бясьпекі. РИА Новости са спасылкай на свае крыніцы піша, што міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў сапраўды адправіў пасланьне дзяржсакратару Энтані Блінкену, але «яно тычылася разуменьня прынцыпу непадзельнасьці бясьпекі, гэта яшчэ не адказ як такі».

Першага лютага павінна адбыцца тэлефонная размова Сяргея Лаўрова зь дзяржсакратаром Энтані Блінкенам.

  • У канцы мінулага году Расея перадала ЗША і NATO праект пагадненьня, у якім Крэмль патрабуе гарантый бясьпекі ў Эўропе. Сярод іншага ў ім утрымліваецца патрабаваньне пакласьці канец пашырэньню NATO на ўсход, што Расея бачыць як пагрозу сваёй бясьпецы. На пачатку студзеня ў Эўропе адбыліся тры раўнды перамоваў з прадстаўнікамі ЗША, NATO і АБСЭ, але яны завяршыліся без канкрэтных вынікаў. У сувязі з гэтым Масква запрасіла на свае прапановы пісьмовых адказаў.
  • Па інфармацыі заходняй выведкі, Расея за апошнія месяцы сканцэнтравала каля межаў Украіны да ста тысячаў сваіх вайскоўцаў, як мяркуецца, рыхтуючы ўварваньне на тэрыторыю суседняй дзяржавы.
  • На мінулым тыдні Вашынгтон накіраваў Маскве пісьмовыя адказы на патрабаваньні Расеі па гарантыях бясьпекі ў Эўропе. У іх, па словах дзяржсакратара Энтані Блінкена, ЗША і іх саюзьнікі не паступіліся асноватворнымі прынцыпамі NATO, а менавіта адкрытасьцю Паўночнаатлянтычнага альянсу для ўступленьня новых членаў, у тым ліку Ўкраіны. У адказе таксама зьмяшчаецца пералік сустрэчных прапаноў ЗША і іх саюзьнікаў па пытаньнях бясьпекі ў Эўропе, у тым ліку размова ідзе пра новую дамову аб абмежаваньні стратэгічных узбраеньняў.
  • У мінулую пятніцу ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Уладзімір Пуцін заявіў, што адказы Вашынгтона і Брусэля на расейскія прапановы па гарантыях не адлюстроўваюць асноўных асьцярогаў Масквы. Пуцін таксама запэўніў, што не імкнецца да эскаляцыі вакол Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG