На шэрагу плятформаў у інтэрнэце раніцай 1 лютага выйшла песьня «Беларусіца» і відэа да яе. Удзел у запісе прыняла вядомая літаратуразнаўца, пісьменьніца і настаўніца беларускай мовы Ганна Севярынец.
Відэа прысьвечана прафэсіі настаўніцы беларускай мовы. Таксама ў стварэньні прынялі ўдзел Atesta і Стэфан Данэйка.
Па словах аўтара ідэі Алеся Плоткі, праект рады натхніць на тое, каб «рабіць нечаканае і рабіць так, як ня робіць ніхто».
«Дасьведчаныя людзі кажуць, што адзін з канцэптаў рэпу — „рэспэкт“. Для мяне наш праект — мой рэспэкт усім, хто стварае, выкладае, чытае, слухае і глядзіць беларускае. А яшчэ вельмі важна, што палова ўдзельнікаў „Беларусіцы“ — школьнікі і студэнты. От ім, а таксама ўсяму беларускаму школьніцтву і студэнцтву — асобны рэспэкт», — сказала Ганна Севярынец.