Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьці палітвязьням у «справе цюкоў» прысудзілі калёнію. На затрыманых людзях сілавікі малявалі свастыку


Размаляваныя ў бел-чырвона-белыя колеры цюкі пад Койданавым
Размаляваныя ў бел-чырвона-белыя колеры цюкі пад Койданавым

Суд Стаўпецкага раёну 31 студзеня вынес прысуды ў рэзананснай «справе размаляваных цюкоў з саломай» супраць затрыманых 1 верасьня мінулага году ў Дзяржынскім раёне.

Судзьдзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства групай асобаў) і прызначыла і прызначыла год калёніі агульнага рэжыму Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысьліўцу. Кацярыне Арыцы далі 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў залі суду. , піша «Вясна».

Пракурор Яраслаў Ларычаў прасіў суд пазбавіць волі ўсіх фігурантаў справы.

На судзе стала вядома, што на поле 1 верасьня сілавікі прыехалі з аўтаматамі, а пасьля на затрыманых малявалі свастыку, некаторых білі. Таксама, па словах абвінавачаных, акцыю, па сутнасьці, арганізаваў «невядомы хлопец», які прапаноўваў абвінавачаным у Telegram размаляваць цюкі пад Дзяржынскам. Сярод затрыманых яго ўжо не было. Асуджаныя думаюць, што гэта мог быць правакатар зь міліцыі.

Палітвязьні адбылі пад вартай ужо па 5 месяцаў.

Кацярына Арыка і Вольга Дубовік віну прызналі часткова. Яны растлумачылі, што ў іх не было мэты пашкодзіць маёмасьць і дэзарганізаваць рух аўтамабіляў. Часткова віну прызнаў Ігар Мысьлівец. У яго дзеяньнях, як сказаў ён сам, не было хуліганскіх меркаваньняў, ён не парушаў грамадзкага парадку, не хацеў выказаць непавагу да грамадзтва і ня меў мэты парушыць дарожны рух.

Алена Дзядзюля таксама прызнала віну часткова. Яна сказала, што толькі малявала палоскі. Яна ня згодная з тым, што поле — грамадзкае месца. Таксама яна, як і іншыя, ня згодная, што дэзарыентавала рух, «бо на „Дажынках“ таксама выстаўляюцца фігуркі, якія таксама дэзарыентуюць кіроўцаў». Ня бачыць яна і цынізму ў сваіх дзеяньнях. Алена ня згодная, што сапсавала сянаж, бо «сапсавалі самі супрацоўнікі, якія ўскрывалі цюкі».

Аляксандар Бабко часткова прызнаў віну. Ён не прызнаў, што перашкаджаў дарожнаму руху і меў мэту «выказаць непавагу да грамадзтва», але пагадзіўся з тым, «што фарбаваў цюкі», пра што шкадуе.

Максім Дубешка прызнаў віну цалкам, а Андрэй Арыка віны не прызнаў.

Засталося невядомым, навошта міліцыянты малявалі сымбаль нацыстаў на затрыманых, справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў на іх не заводзілі. Агулам са жніўня 2020 году супраць сілавікоў не завялі ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, забойствы і катаваньні пратэстоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG