Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр, які прымушаў Ціманоўскую бегчы чужую дыстанцыю на Алімпіядзе, страціў пасаду


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Юры Маісевіч страціў сваю пасаду.

Пра гэта заявіў міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук. Ён паведаміў, што пасаду Маісевіча, а таксама пасаду галоўнага трэнэра па веславаньні на байдарках Уладзімера Шантаровіча скасавалі, піша «Прэсбол».

Юры Маісевіч быў галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай у лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіё.

Міжнародны алімпійскі камітэт падчас спаборніцтваў у Токіё пазбавіў яго і ягонага калегу Артура Шумака алімпійскіх акрэдытацый за ціск на бягуху Крысьціну Ціманоўскую, якая публічна скрытыкавала кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму Беларусі за прафэсійную некампэтэнтнасьць.

У часе Алімпіяды ў Токіё Крысьціна Ціманоўская скрытыкавала трэнэрскі штаб нацыянальнай зборнай і галіновае ведамства, праз халатнасьць якіх некаторыя спартоўцы ня трапілі ў Токіё. У выніку атлеты мусілі выступаць у неўласьцівых ім дысцыплінах.

Пасьля гэтага прадстаўнікі беларускай місіі паспрабавалі дачасна вывезьці Ціманоўскую дадому, аднак лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва ў Міжнароднага алімпійскага камітэту і ўрэшце адмовілася вяртацца ў Беларусь, накіраваўшыся ў Польшчу. Там яна заявіла, што мае намер атрымаць спартовае грамадзянства гэтай краіны.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG