Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Conflict Intelligence Team: Расейскіх дэсантнікаў пачалі перакідваць да Ўкраіны і ў Беларусь


Расейскія дэсантнікі, архіўнае фота
Расейскія дэсантнікі, архіўнае фота

Зьявілася інфармацыя пра перакідваньне расейскіх дэсантных падразьдзяленьняў да мяжы Расеі з Украінай і ў Беларусь.

Тэлеграм-канал дасьледчай групы Conflict Intelligence Team паведамляе, што 24 студзеня ў TikTok было апублікавана чарговае відэа з вайсковай тэхнікай, якая перавозіцца па чыгунцы.

Паводле апісаньня, яно было зьнята ў Бранскай вобласьці, якая мяжуе з Беларусьсю і Ўкраінай. Бронетэхніка на відэа накрытая брызэнтам, аднак дасьледчык Робэрт Лі апазнаў на ім баявыя машыны дэсанта БМД-4М і дэсантаваныя бронетранспарцёры БТР-МДМ. Усяго састаў вязе 31 БМД-4М і 8 БТР-МДМ, што адпавядае аднаму батальёну. Акрамя таго, у склад цягніка ўваходзяць 5 пасажырскіх вагонаў, якія даюць магчымасьць перавозіць больш за 250 чалавек.

Таксама дасьледдчыкі налічылі на плятформах 8 скарочаных двухвосевых грузавікоў КАМАЗ-43501, характэрных для ПДВ. Такія ж КАМАЗы заўважаныя на адным зь відэа з расейскай калёнай, зьнятым, паводле апісаньня, каля польска-беларускай мяжы.

Згодна з базай даных «Расейскай чыгункі», вагон ідзе са станцыі Тэкстыльны ў Іванаўскай вобласьці, паблізу ад якой дыслякуецца 217-ы гвардзейскі парашутна-дэсантны полк 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі, якая нядаўна прымала ўдзел ва ўводзе сіл АДКБ у Казахстан.

Гэта першае пацьверджанае відэа перакідваньня дэсантнікаў бліжэй да мяжы з Украінай. У любым маштабным наступе на тэрыторыю Украіны ПДВ павінны адыграць вырашальную ролю: або ў дэсантнай апэрацыі з мэтай захопу стратэгічных аб’ектаў у тыле, або ў якасьці ўдарнай пяхоты (менавіта так прымяняліся расійскія і ўкраінскія дэсантныя часткі ў «гарачай фазе» вайны на ўсходзе Ўкраіны).

«Зьяўленьне дэсантнікаў выглядае тым больш пагрозьліва, што апошнія дні бесьперапынна працягваецца нарошчваньне расейскіх груповак на поўдні Бранскай вобласьці і ў Беларусі (на поўдні Гомельскай вобласьці на поўнач ад Кіева), — пішуць дасьледчыкі. — З улікам усяго вышэйапісанага, заяваў брытанскай выведкі аб падрыхтоўцы акупацыйнага ўраду з прарасейскіх украінскіх палітыкаў, а таксама слоў прэмʼер-міністра Борыса Джонсана аб магчымым „маланкавым“ нападзе на Кіеў, мы лічым наступ з тэрыторыі Беларусі і/або Бранскай вобласьці ў напрамку ўкраінскай сталіцы як мінімум адным з магчымых сцэнараў расейскіх дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG