На волю выйшаў дырэктар ДК, які бараніў дубы
Пасьля 30 сутак арышту выйшаў на волю дырэктар Дома культуры ў Ахове Аляксандар Дзямчук, які абараняў ад зьнішчэньня 300-гадовыя дубы. На працягу мінулага году Дзямчук зь вяскоўцамі-аднадумцамі дабіваўся захаваньня 300-гадовых дубоў на ахоўскіх могілках. Але іх прызналі аварыйнымі і зрэзалі.
22 сьнежня, калі справа дайшла да ліквідацыі, Дзямчук паспрабаваў перашкодзіць камунальнікам, за што яго і затрымалі. Пазьней яму двойчы прысуджалі па 15 сутак арышту і звольнілі з пасады дырэктара Дома культуры.
Сэрыя затрыманьняў за налепкі і «абразу Лукашэнкі» 19-22 студзеня
19 студзеня ў Высокім затрымалі Андрэя Дубіну. Як кажуць крыніцы, затрыманьне адбылося пасьля абмеркаваньня зьменаў у канстытуцыю на прадпрыемстве «Высокаўскае ДРСУ-137». Па словах сьведак, Андрэй выказаў прапанову па Канстытуцыі: «каб прэзыдэнт мог займаць пасаду ня больш за два тэрміны, і каб вусатым і лысым забараніць удзельнічаць у выбарах». Цяпер яго абвінавачваюць у абразе прэзыдэнта па арт. 368 КК.
У гэты ж дзень у Ашмянах у межах крымінальнай справы па арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта) затрыманы Ягор Багдзевіч, піша «Вясна».
Таксама 19 студзеня ў Пружанах затрымалі Тацяну Пуцік. Яе зьмясьцілі ў пружанскі ІЧУ.
У Менску ў гэты дзень затрымалі Міхаіла Тумчонка і Георгія Шэнько.
20 студзеня ў сталіцы затрымалі Тацяну Пархоменку, а таксама Яну Савіцкую. Прычыны і абставіны затрыманьня жанчын пакуль невядомыя.
21 студзеня ў Гомлі затрымалі Аляксея Гайшуна. Яго зьмясьцілі ў ІЧУ. Раней яго затрымлівалі па адміністрацыйнай справе і цягам году выклікалі на «прафіляктычныя гутаркі». 21 студзеня ў Аляксея дома правялі ператрус. Пасьля затрыманьня Гайшуна ягонай жонцы паведамілі, што мужу зьмянілі працэсуальны статус са сьведкі на падазраванага, але крымінальны артыкул пакуль невядомы.
Таксама 21 студзеня ў Менску быў затрыманы Артур Курэц, прычына няясная. На наступны дзень у цэнтры сталіцы затрымалі Андрэя Грыцэвіча. Прычына затрыманьня — налепка на аўто «3%». Пасьля Ленінскага РУУС Менска яго зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Над ім чакаецца суд.