Менавіта пад яго (а не пад Кебіча, як часам пішуць) камуністы ўвесну 1991 году спрабавалі ўвесьці пасаду «моцнага прэзыдэнта». Дый каму было ўзначаліць «сувэрэнную» Беларусь, як ня першаму сакратару ЦК кампартыі Беларусі (гэтая пасада дзесяцігодзьдзямі была галоўнай у БССР)?
Малафееў задавальняў «на ўсе сто» — і партыйнай біяграфіяй (прайшоў усе прыступкі да члена Палітбюро ЦК КПСС), і ідэйнымі перакананьнямі (на пленуме ў Маскве з бальшавіцкай праматой сказаў Гарбачову ўсё, што думае пра ягоныя «дэмакратыю» і «перабудову», прапанаваў увесьці рэжым надзвычайнага становішча), і стылем кіраўніцтва (жорсткі і бязьлітасны).
Ды вось час ужо быў ня той. Вярхоўны Савет, які павінен быў унесьці зьмены ў Канстытуцыю, а потым і абраць Малафеева прэзыдэнтам на сваёй сэсіі, ужо ня быў тым дэкаратыўным органам, дзе аднадушна ўздымаліся рукі «за».
Супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта выступілі як дэпутаты Апазыцыі БНФ, гэтак і дэпутаты Дэмакратычнага клюбу, і галасоў банальна не набіралася (пазьней, у 1994-м, некаторыя з дэмакратычных дэпутатаў падтрымаюць інстытут прэзыдэнцтва). Не ўдалося і прасунуць закон аб надзвычайным становішчы.
Якраз у тыя дні ў парлямэнцкай «Народнай газеце» выйшаў артыкул, аўтар якога абвінавачваў партыйнае кіраўніцтва рэспублікі ў аўтарытарных мэтадах, а самога Малафеева асудзіў за намер увесьці надзвычайнае становішча, каб паспрыяць «бяздарным кіраўнікам утрымацца яшчэ на нейкі час».
Артыкул напісаў лідэр парлямэнцкай фракцыі «Камуністы за дэмакратыю» (аўтар гэтых радкоў называў яе «Ваўкі за вэгетарыянства») дэпутат Аляксандар Лукашэнка.
Атрымаўшы фіяска ўвесну, Малафееў адчуе сябе на кані 19 жніўня 1991 году, калі падтрымае праімпэрскі путч у Маскве. Але і тут няўдача — пераварот праваліўся праз тры дні. 25 жніўня ён паспрабуе выступіць на сэсіі Вярхоўнага Савету, ды не атрымаецца: Галіна Сямдзянава стане паміж ім і мікрафонам, і дэпутаты згоняць яго з трыбуны.
Той момант быў пераломны. Каб зразумець псыхалягічны шок і камуністаў у Авальнай залі, дый усіх, хто глядзеў жывую тэлетрансьляцыю, варта ўявіць сабе, што Лукашэнку — пад тэлекамэрамі — зганяюць з трыбуны «ўсебеларускага народнага сходу», і ён пакорліва пляцецца на месца недзе ў апошніх шэрагах.
Разгублены старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей ня ведаў, што рабіць, абвясьціў перапынак, і адразу пасьля аднаўленьня паседжаньня падаў у адстаўку. Празь некалькі гадзін дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, а ўвечары Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Беларусь стала незалежнай дзяржавай.
Ну, а Малафееў зрабіўся апошнім першым сакратаром ЦК КПБ у фармаце «галоўнага ў рэспубліцы».
...Калі кабінэт на пятым паверсе будынку на менскай вуліцы Карла Маркса зойме Лукашэнка, ідэйныя перакананьні і стыль кіраваньня, калісьці раскрытыкаваныя ў парлямэнцкай газэце, спатрэбяцца новаму гаспадару: пры ім Малафееў стане старшынём «палаты прадстаўнікоў».
Чаго толькі ня зробіш, калі вельмі хочацца ва ўладзе «утрымацца яшчэ на нейкі час».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.