Нельга сказаць, каб у апошнія месяцы тэма беззаконьня і ўзмацненьня рэпрэсій у Беларусі зьнікла з поля ўвагі міжнароднай супольнасьці, аднак яна ўсё далей адыходзіла ў цень на фоне пагрозы вайсковага нападу Расеі на Ўкраіну.
Але Лукашэнка абвяшчае пра сумесныя беларуска-расейскія манэўры ўздоўж мяжы з паўднёвай суседкай, і ў Вашынгтоне — ня ў форме вэрсіяў палітычных аглядальнікаў, а на ўзроўні Дзярждэпартамэнту — заяўляюць, што напад на Ўкраіну можа быць зьдзейсьнены з поўначы, з тэрыторыі Беларусі. І дадаюць, што «праекты канстытуцыйных зьменаў могуць сьведчыць аб плянах Беларусі дазволіць разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі як звычайных, так і ядзерных сіл Расеі».
Вайсковы альянс Пуціна і Лукашэнкі выгодны абодвум — першы выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для рэалізацыі сваіх «геапалітычных інтарэсаў», другі замацоўвае сваю патрэбнасьць для гаспадара Крамля.
Тэма падпарадкаваньня краіны Маскве ў вайсковай сфэры для Лукашэнкі хаця і актуальная, але зусім ня новая. Вясной 1993 году менавіта дэпутат Аляксандар Лукашэнка ўнёс у парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савету пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД (больш вядомай як АДКБ). Тады дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну праявіў незвычайную для аграрыя кампэтэнцыю ў абароннай сфэры, а апазыцыя БНФ ацаніла ўступленьне ў АДКБ як уцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў расейскага Генштабу.
Цяпер заходнія палітыкі ламаюць галовы: а ці хаця б сам кіраўнік Беларусі ў курсе таго, што плянуе расейскае вайсковае ведамства на тэрыторыі краіны?
Прагнозы адносна разьвіцьця сытуацыі ў выніку вайсковых манэўраў ля граніцы з Украінай рабіць яшчэ цяжэй, але адно можна сказаць пэўна.
Беларусь, якая з моманту абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991-га акцэнтавала ўвагу на імкненьні да бязьядзернага статусу і міралюбным характары замежнай палітыкі; якая ў 1994-м запісала ў Канстытуцыю імкненьне да нэўтралітэту, — літаральна за некалькі дзён пачала фігураваць у загалоўках сусьветнай прэсы і ў заявах палітыкаў як патэнцыйны агрэсар.
Такое ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі.
Ёсьць адна несправядлівая заканамернасьць: дзеяньні кіраўнікоў звычайна асацыююцца зь іхнай краінай. І народам, рана ці позна, даводзіцца несьці за іх адказнасьць. Прыкладаў у гісторыі хапае, у тым ліку і ў ня вельмі ад нас аддаленай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.