Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе пакараць спартовага журналіста 2 гадамі калёніі, Івулін падпісаў кантракт з «Крумкачамі» ў зале суду

абноўлена

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Судовыя спрэчкі адбыліся ў судзе над Аляксандрам Івуліным.

Суд Савецкага раёну Менску 17 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць вядомага журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна. Працэс вядзе судзьдзя Сяргей Шаціла.

Івуліна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандара затрымалі 3 чэрвеня ў сваёй кватэры, ён адседзеў 30 дзён адміністрацыйнага арышту, а пасьля стаў фігурантам крымінальнай справы.

Пракурор у судовых спрэчках запатрабаваў ад суду пакараць Івуліна на 2 гады калёніі, паведаміў @mediazona_by слухач з залы суду. Вырак чакаецца сёньня а 16.00.

«Менсктранс» выставіў Аляксандру Івуліну пазоў на 39 тысяч рублёў нібыта за шкоду за спыненьні руху падчас акцыяў пратэсту.​

Сваёй віны Івулін не прызнаў. Кажа, што дарог не перакрываў, а тым больш не займаўся арганізацыяй нейкіх акцый.

Аляксандр Івулін падпісаў новы прафэсійны кантракт з ФК «Крумкачы» проста ў зале суду, паведамляе @tribuna. У мінулым сэзоне футбаліст таксама выступаў за клюб зь Першай беларускай лігі.

Апошняе слова Івуліна: «У мяне яшчэ ёсьць вельмі важны заўзятар, мой брат»

Выданьне «Медизона. Беларусь» прывяло фрагмэнт апошняга слова Аляксандра Івуліна ў судзе.

«Бліжэй да 30 [гадоў] я падпісаў прафэсійны футбольны кантракт з футбольным клубам „Крумкачы“. І гэта паказьнік таго, што няма нічога немагчымага, калі ты па-сапраўднаму любіш тое, што ты робіш. Гэта была клясная гісторыя. Спадзяюся, што яна працягнецца сёлета, бо са мной працягнулі кантракт і мне вельмі хочацца сканцэнтравацца менавіта на футбольным праекце „Крумкачы“, недзе нават адысьці ад журналістыкі, якой я займаўся на „Трыбуне“, цалкам прысьвяціць сябе прафэсіі футбаліста.

І мінулай вясной — гэта было нялёгка, было цяжка, былі месяцы зьнясільваючых трэнаваньняў, дзясяткі страчаных кіляграмаў, — але літаральна праз тры-чатыры месяцы я забіў свой першы мяч за першую прафэсійную футбольную каманду. Так, гэта было ў таварыскім матчы, але паглядзець на гэты таварыскі матч сабралася столькі людзей, колькі не зьбіраюць некаторыя матчы беларускай футбольнай Найвышэйшай лігі. Хочацца адзначыць, што там не было ніякіх эксцэсаў, ніякіх правапарушэньняў, ніякіх дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Людзі проста кайфавалі ад беларускага спорту і рабілі з гэтага сапраўдную культуру.

Таму я б вельмі папрасіў вас, высокі суд, не пазбаўляць мяне магчымасьці працягваць рабіць беларускі футбол лепшым і дазволіць зрабіць так, каб я не атрымаў пазбаўленьня волі і працягнуў сваю кар’еру футбаліста.

Мне хочацца адзначыць, што апошнія 7 месяцаў я ня мог дапамагаць ня толькі свайму футбольнаму клюбу, але і галоўным заўзятарам у маім жыцьці — маім бацькам. Мае бацькі — мама-пэнсіянэрка і бацька, інвалід ІІІ групы. Але, акрамя іх, у мяне яшчэ ёсьць вельмі важны заўзятар. Для мяне гэта максымальна асабістая гісторыя.

Справа ў тым, што ў мяне ёсьць брат, ён інвалід зь дзяцінства. Яго завуць Сяргей, і яму сёлета споўніцца 39 гадоў. Гэта мой старэйшы брат, але праз спэцыфіку яго псыхічнага разьвіцьця яго сацыялізацыя не прайшла як трэба. І ў 39 гадоў ён ня можа забясьпечваць сябе, ён ня можа працаваць. Па сутнасьці, усё кола зносін — гэта тры чалавекі, адзін зь якіх я. У яго няма сяброў, у яго няма знаёмых.

І, каб вы разумелі, калі я сядзеў у СІЗА, у яго быў дзень нараджэньня. І самым значным падарункам для яго было б, каб Сашу адпусьцілі дадому. Але гэтага ня здарылася, і справа ў тым, што праз спэцыфіку яго разьвіцьця мы можам размаўляць толькі ўжывую, таму я стараўся як мага часьцей езьдзіць дадому да бацькоў, стараўся яго наведваць.

Мы цяпер ня можам мець зносіны праз мэсэнджэры ці тэлефон, мы можам мець зносіны толькі пры асабістай сустрэчы. І мяне вельмі непакоіць, што калі маё ўтрыманьне пад вартай працягнецца яшчэ доўга, то ягоная сацыялізацыя... Яму будзе вельмі складана прызвычаіцца да мяне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG