Песьня, якую сьпявачка Ута Швэйдзіц сьпявае на роднай верхнялужыцкай мове, выкладзеная на YouTube зь беларускімі і ангельскімі субтытрамі.
«Hara Crash» — бэрлінскі электронны праект Уты і яе мужа Міхала. Яны абое з Лужыцы і ў песнях часта выкарыстоўваюць сваю родную мову. Праект узьнік у 2018 годзе, ужо запісана два альбомы.
Музыкі маюць даволі шчыльныя кантакты зь беларускай культурай. Ута з сваім папярэднім праектам «Berlinska Dróha», адыграла сем канцэртаў у Беларусі, таксама часта выступала на адной сцэне зь беларускімі гуртамі Sciana, Dzieciuki.
Падзеі 2020 году яны таксама не абмінулі увагай, тым больш што пад рэпрэсіі трапілі і іхныя сябры, таму музыкі вырашылі запісаць песьню і зьняць на яе кліп.