Генэральная пракуратура паведаміла аб прысудзе 45-гадоваму жыхару Магілёва. Той пакінуў нэгатыўны камэнтар пра супрацоўніка КДБ, які загінуў у перастрэлцы з ІТ-спэцыялістам Андрэем Зельцарам. Яму прысудзілі 2 гады калёніі агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.
Вядома, што ў «справе Зельцэра» за камэнтары затрымалі каля 200 чалавек. Паўтара месяца іх трымалі на карантыне: не пускалі адвакатаў і не прымалі перадач.
Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).