Выступ групы «Аўра» за 4 тысячы рублёў і Саладуха — за 2 тысячы. Колькі грошай ідзе зь бюджэту на праўладныя акцыі.
8 лістапада ў Беларусі прайшоў аўтапрабег пад назвай «За адзіную Беларусь». Прыхільнікі Лукашэнкі праехалі па менскай кальцавой, іх пачаставалі кашай і шашлыком пад Ліпкамі, а пасьля адбыўся канцэрт з удзелам Аляксандра Саладухі, Жанэт, гурту «Аўра» ды іншых.
Як вынікае з сайту дзяржаўных закупак, агулам мерапрыемства каштавала бюджэту 21 895 рублёў. Найбольшы ганарар сярод выканаўца атрымаў гурт «Аўра» — 4 тысячы рублёў. Іншыя выступы каштавалі:
- Аляксандар Саладуха — 2 тысячы рублёў
- Жанэт — 1 тысяча рублёў
- Шоў-тэатар «Алюр» — 1,5 тысячы
- Арт-гурт «Беларусы» — 1,5 тысячы
- Алешка — 1 тысяча рублёў
- Шоў-тэатар «Хвілінка» — 500 рублёў
- Балет Fusion — тысяча рублёў
- Балет Next — тысяча рублёў.
Паслугі галоўнага рэжысэра каштавалі 2 тысячы рублёў, асыстэнтаў рэжысэра — 1 тысячу рублёў, памочнікаў рэжысэра — 700 рублёў, харэографа — 500 рублёў.
Колькі яшчэ трацяць на ідэалёгію
Такі канцэрт ня самае дарагое ідэалягічнае мерапрыемства. Яшчэ ў ліпені ў Менску прайшло «патрыятычнае шэсьце „Беларусь памятае“», якое каштавала 200 тысяч рублёў, згодна з сайтам дзяржзакупак. Сродкі на яго пайшлі бюджэтныя.
Гэтае шэсьце прайшло праспэктам Незалежнасьці да плошчы Перамогі 3 ліпеня.
А што ў рэгіёнах
Ад некаторых рэгіёнах на сайце дзяржзакупак знаходзім заяўкі на суправаджэньне «абласнога моладзевага форуму». Напрыклад, Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацый Барысаўскага райвыканкаму траіць на асьвятленьне ды іншае тэхнічнае суправаджэньне форуму 8 тысяч рублёў. Дакумэнты падпісаў мясцовы аддзел ідэалёгіі.
У Ашмянскім раёне на канцэрт Вікторыі Алешкі і Мікіты Фаміных зь бюджэту трацяць 2700 рублёў.