Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў даручыў апэратыўна адрэгуляваць рух транспарту, пасажырапатокаў, працу сьвятлафораў, пры неабходнасьці падправіць схему аб’ездаў і апавясьціць аб усіх зьмяненьнях гараджан і гасьцей сталіцы, паведамляе БелТА.
«На працягу месяца мы разьлічваем завяршыць усе будаўнічыя работы і запусьціць рух як па новым мосьце, так і пад ім», — сказаў Уладзімер Кухараў.
Ён даручыў наладзіць рух грамадзкага і асабістага транспарту ў раёне рамонтных работ.
«Спатрэбіцца некалькі дзён, каб людзі выбудавалі новую зручную для іх лягістыку. Мы павінны максымальна дапамагчы ім у гэтым. Калі неабходна, то ГУУС павінна ў ручным рэжыме і экіпажамі ДАІ мабільна перанакіроўваць транспартныя плыні, адрэгуляваць работу сьвятлафораў. Наступны тыдзень задзейнічаным службам гораду неабходна працаваць у кругласуткавым рэжыме», — сказаў старшыня Менгарвыканкаму.
Уладзімер Кухараў даручыў найбольшую ўвагу ўдзяліць інфармаваньню менчукоў аб усіх зьменах у рабоце грамадзкага транспарту, асабліва на праспэкце Пераможцаў і вуліцы Максіма Багдановіча.
Аднак тэрміны работ выклікалі супярэчнасьці ўжо празь некалькі гадзін пасьля заявы чыноўніка. Як паведаміла ААТ «Мастабуд», пры ідэальных умовах аднавіць пуцеправод на Нямізе змогуць толькі за тры месяцы. У арганізацыі адзначылі, што праектаваньне і будаўніцтва будуць весьціся паралельна. І будаўніцтва павінна ў гэтым выпадку ісьці кругласутачна.
Але «каб зрабіць чарцёж, трэба паглядзець, у якім стане існуючая канструкцыя апоры», дадалі ў «Мастабудзе».
Па стане на 10-ю гадзіну раніцы ў Менску не назіралася вялікіх участкаў з аўтамабільнымі заторамі, нягледзячы на перакрытыя дарогі побач з мостам. Пэўныя ўскладненьні паўсталі да таго часу, але і яны не былі крытычнымі.
Пэтыцыя супраць аднаўленьня мосту
Пляны Кухарава аднавіць мост на Нямізе падабаюцца ня ўсім. У інтэрнэце на наступны дзень пасьля абвалу, які адбыўся 8 студзеня, пачаўся збор подпісаў пад пэтыцыяй да Менгарвыканкаму, ДАІ і Гаррэмаўтадару. У ёй гараджане пішуць, што магістраль, пад якую ў свой час рэзка зьмянілі аблічча Нямігі, «разьдзірае невялікі гістарычны цэнтар сталіцы на разрозьненыя шматкі, якія не ўспрымаюцца візуальна як адзінае цэлае і маюць абмежаваныя пешаходныя сувязі».
Яны прапаноўваюць звузіць вуліцу Багдановіча ў Траецкім прадмесьці, а таксама браць плату з аўтамабіляў за ўезд на Нямігу.
«У сувязі з тым, што разбурэньне пуцеправоду і яго поўны дэмантаж адкрывае магчымасьці, рэалізацыя якіх раней уяўлялася малаверагоднай, а таксама з улікам наяўнасьці ў Менску першага (дабудоўваецца) і другога транспартных кольцаў, лічым магчымым перанакіраваць увесь трафік у абыход гістарычнага цэнтру, адмовіцца ад аднаўленьня пуцеправоду, распрацаваць праект рэгенэрацыі забудовы паўночнага боку плошчы Свабоды і забудовы былой вуліцы Школьнай (цяпер лесьвіца да Нямігі)».