У машыне былі яшчэ двое дзяцей ягонага брата. Яны параненыя, а вучаніца 9 клясы ў рэанімацыі. Забітай куля патрапіла ў галаву.
- З афіцыйнага твітара Касым-Жамарта Такаева зьнік пост на ангельскай мове аб шасьці хвалях нападу на Алматы, у якіх «бралі ўдзел 20 тысяч тэрарыстаў». Прапаў запіс, у якім Такаеў кажа, што з тэрарыстамі нельга весьці перамовы, іх трэба забіваць. Увагу на гэта зьвярнула цэнтральнаазіяцкая рэдакцыя «Мэдыязоны».
Напярэдадні карыстальнікі ў сетцы зьвярталі ўвагу, што твіты аб забойствах у акаўнце Такаева суседнічаюць з запрашэньнямі інвэставаць у эканоміку Казахстана. Запісы з прапановай укласьці грошы засталіся на месцы. Прэс-служба прэзыдэнта зьнікненьне твітаў не камэнтавала.
- Дзевяць расейскіх ваенна-транспартных самалётаў Іл-76 прывезьлі ў Алматы тэхніку і вайскоўцаў ВДВ, паведамілі ў Мінабароны РФ. Таксама на борце знаходзілася падразьдзяленьне міратворцаў з Кіргізстана разам са штатнай ваеннай тэхнікай.
- Міжнародны аэрапорт Алматы зачынены на нявызначаны тэрмін. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе аэрапорту. Раней у суботу паведамлялася, што аэрапорт будзе зачынены да 10 студзеня.
Патаньнеў біткоін, падаражэў уран
- Крыптавалюта біткоін 8 студзеня страціла пяць працэнтаў кошту, які зараз складае 41 704 даляраў — гэта самы нізкі паказчык з верасьня. Як паведамляе Reuters, майнінг крыптавалюты рэзка зьнізіўся на бягучым тыдні пасьля таго, як у Казахстане, другім па велічыні хабе па здабычы крыптавалюты ў сьвеце, на фоне пратэстаў быў практычна цалкам заблякаваны інтэрнэт.
Раней паведамлялася, што праз сытуацыю ў Казахстане на сусьветным рынку рэзка падаражэў уран. 5 студзеня яго цана за фунт (0,45 кг) перавысіў 45 даляраў, павысіўшыся за суткі на 3 даляры. 8 студзеня ўран гандляваўся па кошце больш за 46 даляраў за фунт. Казахстан здабывае 40 працэнтаў сусьветных аб’ёмаў урану і зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам
- Казахстанскія мільярдэры страцілі каля $3 млрд праз падзеньне акцый на фоне беспарадкаў, падлічыў Forbes.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.