Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніводзін беларускі салдат ня будзе ваяваць на чужой зямлі». Што Лукашэнка казаў пра ўдзел беларусаў у вайне


Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым пастраеньні асабовага складу Берасьцейскай памежнай групы. 2018 год.
Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым пастраеньні асабовага складу Берасьцейскай памежнай групы. 2018 год.

«Бязь міру і бясьпекі няма будучыні», «Беларусь — донар бясьпекі» ды іншыя выказваньні Лукашэнкі пра мір.

Вайсковы кантынгент АДКБ адправіўся ў Казахстан пасьля просьбы Касым-Жамарта Такаева. Пра накіраваньне сілаў АДКБ у Казахстан паведаміў сайт арганізацыі.

У склад кантынгенту, накіраванага ў Казахстан, увайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Паводле папярэдніх зьвестак, ад Беларусі ў Казахстан ляціць 103-я брыгада паветрана-дэсантных войскаў сілаў спэцыяльнай абароны.

Прыгадваем, што Лукашэнка казаў у розныя часы пра вайну, неабходнасьць берагчы мір і пра няўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне.

2004. «Галоўнае — мірнае неба»

«Мірнае неба над галавой нашых грамадзян, стабільнасьць, згода і спакой — вось галоўная ўмова дабрабыту народа і дзяржавы. У кіраўніцтва краіны ёсьць воля і ўсё неабходнае для захаваньня дасягнутай у грамадзтве стабільнасьці і міру», — казаў Лукашэнка ў 2004 годзе падчас вайсковых вучэньняў.

Тады ж ён гаварыў пра бясьпеку ў Эўропе.

«Безь Беларусі, а значыць, і бяз нашых Узброеных Сіл, ня можа быць гарантаваная бясьпека ў цэнтры Эўропы. Гэтая аксіёма, ад якой нельга адмахнуцца».

2006. «Беларусь — донар бясьпекі»

«Наша дзяржава — прыхільніца бясьпекі ў рэгіёне і сьвеце. Мы першымі ў гісторыі адмовіліся ад ядзернай зброі, аднымі зь першых выканалі ўмовы дамовы аб скарачэньні звычайных узбраеньняў», — гэта словы Лукашэнкі з выступу на III Усебеларускім сходзе ў 2006 годзе.

«Ніводзін беларускі салдат не ваяваў і ня будзе ваяваць на чужой зямлі», — заяўляў Лукашэнка на сустрэчы з навучэнцамі Сувораўскай вучэльні.

2008. «Канстытуцыя забараняе накіроўваць беларускае войска за мяжу»

У 2008 годзе пасьля вайсковага канфлікту ў Грузіі Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

«Па просьбе прэзыдэнта Грузіі, я гэта добра памятаю, мы прынялі рашэньне. Я тады першы сказаў: войскі туды не пашлю — наша Канстытуцыя гэта забараняе», — казаў тады Лукашэнка.

2014-2015. «Вайна здараецца, калі ня цэніцца мір»

У 2014 годзе пачалася вайна на ўсходзе Ўкраіны. Лукашэнка ня раз выказваўся на гэтую тэму, прапагандуючы мір.

«Трагедыя блізкай нам Украіны нагадала нам: вайна — гэта тое, што можа апынуцца вельмі блізка. І нечакана блізка. Вайна — гэта тое, што здараецца, калі не шануецца мір, стабільнасьць і згода. Калі грамадзтва расколваецца і ўпадае ў рэвалюцыйную смуту. Мы, беларусы, маем вялікую каштоўнасьць — мір, спакой і згоду ў грамадзтве. Давайце памятаць пра гэта, шанаваць і берагчы гэтую нашу вялікую заваёву», — гаварыў Лукашэнка ў ліпені 2014-га.

У пасланьні да народу і парлямэнту ў 2015 годзе Лукашэнка зноў згадваў пра неабходнасьць міру.

«Лепш дзясяткі і сотні гадоў перамоваў, чым адзін дзень вайны».

«Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку. На няшчасьце, сёй-той забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя ўрокі мог забыць хто заўгодна, але толькі не беларусы. Тая вайна каштавала нам мільёнаў жыцьцяў, і таму, нягледзячы на час, мы цьвёрда ведаем і памятаем: няма на Зямлі нічога даражэйшага, чым мір!

2019. «Беларускае войска нікому не пагражае»

У 2019 годзе Лукашэнка працягваў пры нагодзе антываенную рыторыку.

«Беларускае войска ніколі нікому не пагражала, не пагражае і пагражаць не зьбіраецца. Яно зьяўляецца інструмэнтам недапушчэньня вайны», — казаў Лукашэнка.

2020–2021. «Калі ваяваць, то не за тысячы кілямэтраў»

У чэрвені 2020 году Лукашэнка зноў выказаўся пра вайну.

«Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі да сьмерці тут, але не за тысячы кілямэтраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго. Я хачу, каб вы таксама пра гэта памяталі», — сказаў ён, зьвяртаючыся да жаўнераў беларускага войска.

А вось у 2021 годзе рыторыка зьмянілася, і Лукашэнка ўжо адкрыта гаворыць пра падтрымку Расеі ў вайсковых канфліктах нават за мяжой.

«Калі толькі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, убаку Беларусь не застанецца, таму беларускае войска трэба стрымліваць, напружваць на заходніх рубяжах (Латвія, Літва, Польшча) і на поўдні — узмацненьнем украінскай мяжы», — казаў Лукашэнка ў лістападзе 2021 году падчас нарады па пытаньнях бясьпекі.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG