Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расказалі, колькі зрабілі дроту для будаўніцтва «сьцяны» на мяжы зь Беларусьсю


Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дайнэка заявіў, што на будаўніцтва «сьцяны» на мяжы зь Беларусьсю накіравана некалькі тысяч калючага дроту.

«На сёньня на разгорнутай вытворчасьці усталявалі тры лініі, якія дазваляюць рабіць дрот тыпу „Єгоза“ і сетку Рабіца. Таксама стварылі неабходны штат групы забесьпячэньня, які працуе пазьменна. Агульныя патрэбы Дзяржаўнай памежнай службы ў гэтай прадукцыі дастаткова вялікія, таму мы пачалі вырабляць яе самастойна», — працытавала Сяргея Дайнэку прэсавая служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Паводле яго, для ўсталяваньня на мяжы зь Беларусьсю ўжо адправілі 2 000 бухт дроту. Паводле стандартаў, вага адной такой бухты складае да адной тоны, у якой амаль 6,5 тысяч мэтраў.

Вытворчасьць адкрылі ў Галоўным цэнтры падрыхтоўкі асабістага складу памежнай службы ў Чаркаскай вобласьці.

Летась у лістападзе, пасьля міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай, урад Украіны выдзеліў з рэзэрвовага фонду 214 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і павелічэньне абароназдольнасьці краіны.

Большую частку сродкаў (175 мільёнаў грыўняў) атрымалі структуры Міністэрства ўнутраных справаў — Дзяржаўная памежная служба і Нацыянальная гвардыя, іншыя — Міністэрства абароны. Частку гэтых фінансаў накіравалі на закуп калючага дроту для ўсталяваньня на мяжы.

Што папярэднічала

Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла пра намер узмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада 2021-га прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх магчымае масавае знаходжаньне мігрантаў.

Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада 2021 году на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных справаў Украіны Дзьмітром Кулебам заявіў, што міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе.

19 лістапада 2021 году міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краін у любы момант можа абвастрыцца. Ён паведаміў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.

З 23 лістапада Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супольна зь сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Ўзброенымі сіламі на мяжы зь Беларусьсю праводзяць спэцыяльную апэрацыю «Палесьсе», каб не дапусьціць перамяшчэньня мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG