Раней апазыцыйны палітык Мухтар Аблязаў, які жыве ў Францыі, заклікаў грамадзян выйсьці на мітынг да акімату апоўдні. Цяпер да будынка, дзе сядзяць сталічныя чыноўнікі, падысьці нельга.
Журналісты сталі сведкамі затрыманьняў трох чалавек у розных частках гораду, аднак прычыны хапаньня людзей на вуліцах невядомыя.
У цэнтры Алма-Аты раніцай 5 студзеня аднавіліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту з паліцыянтамі. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Інтэрфаксу. Супрацоўнікі паліцыі прымяняюць да дэманстрантаў спэцсродкі.
Цэнтральная плошча перакрытая БТРамі. У розных канцах гораду чуваць выбухі сьвятлашумавых гранат, паведамляюць агенцтву відавочцы. Шэраг СМІ называюць тое, што адбываецца, «вулічнымі баямі». Удзельнікі пратэстаў падпальваюць паліцэйскія аўтамабілі.
У горадзе не працуе грамадзкі транспарт, прыпынкі перапоўнены людзьмі, якія спрабуюць паехаць на працу.
У горадзе Актэбе на паўночным захадзе Казахстану супрацоўнікі паліцыі адмовілася затрымліваць дэманстрантаў, заявіўшы, што яны «з народам», перадае Інтэфакс. Паліцыянты стаяць каля будынка акімату, дзе з учорашняга вечара сабраліся каля 100 чалавек, якія патрабуюць сустрэчы з акімам.
На плошчы Ынтымак у Актаў стаяць тысячы людзей. Яны патрабуюць спыніць перасьлед пратэстоўцаў
На цэнтральнай плошчы Актаў, адміністрацыйнага цэнтру Мангістаўскай вобласьці, працягваюць стаяць тысячы дэманстрантаў, нягледзячы на абяцаньне ўладаў зьнізіць цэны на звадкаваны газ па патрабаваньні пратэстоўцаў. Паводле ацэнкі карэспандэнта Радыё Свабода, на плошчы раніцай 5 студзеня знаходзілася каля шасьці тысяч чалавек.
У Жанаэзене, дзе 2 студзеня пачаліся сёлетнія пратэсты, якія затым ахапілі іншыя гарады, людзі таксама працягваюць знаходзіцца на плошчы.
Жанаэзенцы выстаўляюць палітычныя патрабаваньні: поўная адстаўка ўраду, зьмяненьне выбарчага заканадаўства для допуску да выбараў незалежных кандыдатаў-самавылучэнцаў, абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту, вяртаньне да Канстытуцыі 1993 году.
Плошча ў Карагандзе, дзе ў ноч на 5 студзеня мітынгавалі ў знак салідарнасьці сотні жыхароў, раніцай у сераду была пустая. Інфармацыі аб затрыманьні ўдзельнікаў акцыі пакуль няма. Але некаторыя актывісты недаступныя.