У горадзе Актэбэ на паўночным захадзе краіны кіроўцы аўтамабіляў на звадкаваным газе прарвалі паліцэйскае ачапленьне і прайшлі да будынку гарадзкой адміністрацыі. Пратэстоўцы запатрабавалі зьніжэньня цэнаў на газ са 120 да 50 тэнге і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.
На пачатку акцыі кіроўцы ехалі на машынах. Дарогу ім заблякавала паліцыя. Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пакінулі свае аўтамабілі і пайшлі па дарозе пешшу, прарваўшы агароджу і заклікаючы прахожых далучыцца да пратэсту.
Пра затрыманьні не паведамляецца.
Карыстальнікі сацсетак паведамляюць пра шматлікія акцыі ў Актэбэ і Алматы. У Нур-Султане людзі маршам прайшлі па горадзе. Яны выкрыквалі лёзунг «Стары, сыходзь!» з заклікам да Назарбаева пакінуць палітыку.
Пратэсты ў Казахстане пачаліся некалькі дзён таму ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене побач з Касьпійскім морам — пасьля рэзкага павышэньня цаны на звадкаваны газ, якім у рэгіёне запраўляюць большасьць аўтамабіляў.
На вуліцу выйшлі сотні мясцовых жыхароў. Ноч яны правялі на гарадзкой плошчы, 3 студзеня там сабралася ўжо больш за тысячу чалавек. Таксама на плошчы правялі ноч сотні пратэстоўцаў у горадзе Актаў.
Удзельнікаў пратэстаў падтрымалі ў некалькіх гарадах краіны, затрыманыя каля 100 чалавек. У Алматы паведамлялася пра затрыманьні каля 20 чалавек. У горадзе перакрылі цэнтральную плошчу — туды не пускаюць пешаходаў і аўтатранспарт, выставілі паліцэйскае ачапленьне, паведамлялася пра перабоі ў працы інтэрнэту.
Урадавая камісія, якая прыбыла ў Актаў, у аўторак абвясьціла пра зьніжэньне цаны на звадкаваны газ у Мангістаўскай вобласьці (дзе Актаў і Жанаэзен) больш як у 2 разы. Чыноўнікі таксама далі пратэстоўцам гарантыі, што іх не прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у няўзгодненых мітынгах. Як паведамляе казаская служба Радыё Свабода, пратэстоўцы не сыходзяць з плошчы, бо ня ўсе іх патрабаваньні выкананыя.