Гэта навагодняе вершаванае віншаваньне дзеткам. Пра гэта паведаміла ў сацсетках жонка палітвязьня.
Журналіст Андрэй Кузьнечык з 25 лістапада знаходзіцца ў зьняволеньні, ён адбыў прынамсі два адміністрацыйныя арышты па надуманных абвінавачаньнях, а 23 сьнежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу. Фрылансэр Радыё Свабода стаў чарговай ахвярай масавага перасьледу журналістаў у Беларусі.
Хто такі Андрэй Кузьнечык
Андрэю Кузьнечыку праз тыдзень будзе 43 гады. Ён зь Віцебску, вучыўся ў Ліцэі БДУ. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Андрэй жанаты, мае дваіх дзяцей. Журналіст-фрылансэр Радыё Свабода. Да гэтага працаваў у «Нашай ніве» і выданьні «Комсомольская правда в Беларуси».
Андрэй Кузьнечык — заўзяты раварыст, аматар-валянтэр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары. У ім ён публікаваў сэрыю допісаў «Кароткі праваднік па менскіх веластаянках» і «Кароткі праваднік па менскіх веладарожках», даваў сваім чытачам розныя парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам.
Андрэй Кузьнечык сьцьвярджаў, што ровар — такі ж паўнавартасны від гарадзкога транспарту, як аўтобус, тралейбус ці аўтамабіль, і пры гэтым самы зручны.
Сябры Андрэя кажуць, што ён чалавек спагадлівы — шмат дапамагаў з працай сайту Менскага роварнага таварыства, перакладаў матэрыялы на беларускую мову, прычым рабіў гэта з уласнай ініцыятывы. Акрамя таго, калісьці Андрэй стварыў добрую падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.
Перасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.
Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.
Фрылансэра Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску. За час пасьля першага арышту Алега ў ліпені 2021 году ніякіх допытаў у яго не было. 28 сьнежня ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Cьледчыя выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальгага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.