16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі. Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых тады ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
5 фактаў пра Алега Грузьдзіловіча
Быў загадчыкам аддзелу ў самым папулярным выданьні Беларусі
Алег Грузьдзіловіч быў загадчыкам аддзелу і адказным сакратаром у газэце «Знамя юности» ў часы «перабудовы», калі выданьне мела найбольшы наклад у Беларусі — 800 тысяч. Быў адным са стваральнікаў інфармацыйнай агенцыі «РИД» («Реклама и дайджест»). На пачатку 1990-х ягоныя матэрыялы публікаваліся ў легендарнай незалежнай газэце «Свабода».
Звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты» пасьля таго, як быў зьняты ягоны рэпартаж аб пабіцьці дэпутатаў у парлямэнце
У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загад ЦК КПБ аб перадрукаваньні з маскоўскай прэсы рэакцыйнага артыкула «Не могу поступаться принципами».
У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты» пасьля таго, як быў зьняты ягоны рэпартаж аб пабіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, што пратэставалі супраць рэфэрэндуму аб мове і дзяржаўнай сымболіцы.
Напісаў кнігу пра выбух у менскім мэтро
На Радыё Свабода асьвятляў праваабарончую тэматыку, быў судовым карэспандэнтам. Рабіў рэпартажы з судовага працэсу над Кавалёвым і Канавалавым, абвінавачанымі ва ўчыненьні тэракту ў менскім мэтро 1 красавіка 2011 году. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?», якая выйшла ў 2013 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды — XXI стагодзьдзе».
Цяжка хварэў на каранавірус пасьля турмы на Акрэсьціна
Летам 2020 году вёў стрымы Радыё Свабода, якія набіралі сотні тысяч праглядаў. У жніўні 2020 году пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасьцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе затрыманы на акцыі пратэсту, якую асьвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 содняў. Пад гэтым арыштам у Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.
Выгадаваў трох сыноў
Алегу Грузьдзіловічу 63 гады. Жонку Мар’яну, выкладчыцу ангельскай мовы, увосень 2020 году звольнілі з БДУ з палітычных матываў. Алег і Мар’яна выгадавалі трох сыноў, маюць унучак.