Іран і Ірак падпісалі пагадненьне аб пабудове першай чыгункі паміж краінамі. Праект абмяркоўваўся даўно, а папярэдне зацьвердзілі яго яшчэ ў чэрвені 2021 году, піша farsnews.ir.
Агулам перамовы вяліся каля 30 гадоў. Іран яшчэ ў 2011 годзе пабудаваў свае 17 кілямэтраў чыгункі, у Іраку доўга трывалі ўзгадненьні свайго ўчастку.
Шлях будзе працягласьцю ў 32 км, чыгунка злучыць памежны горад Шаламчэх у Іране з Басрай, галоўным портам Іраку.
Важнай часткай праекту зьяўляецца будаўніцтва моста цераз раку Шат-эль-Араб, работы зоймуць ня менш за паўтара года. Таксама папярэдне трэба ачысьціць ад мінаў паласу даўжынёй 15-20 км.
Новая лінія забясьпечыць Іраку выхад да Афганістану, Пакістану і Індыі, а Іран лепей злучыць з Сырыяй і краінамі Міжземнамор’я. У далейшым па чыгунцы плянуецца арганізаваць транзытныя грузавыя перавозкі з Азіі ў Эўропу, а пасажырскія цягнікі змогуць перавозіць у тым ліку паломнікаў, якія накіроўваюцца ў горад Кербела ў Іраку, сьвятое месца для шыітаў, якія складаюць большасьць насельніцтва Ірану.
Будаўніцтва пачнецца ўжо ў лютым.