У Вене ў панядзелак аднавіліся непрамыя перамовы паміж Іранам і ЗША аб вяртаньні да ядзернай дамовы 2015 году. Тэгеран па-ранейшаму засяроджаны толькі на адным баку дамоўленасьці, настойваючы на зьмякчэньні санкцый, нягледзячы на адсутнасьць значнага прагрэсу ў стрымліваньні сваёй атамнай дзейнасьці.
Сёмы раўнд перамоваў, які стаў першым для новага прэзыдэнта Ірану Ібрагіма Раісі, завяршыўся 10 дзён таму пасьля даданьня некаторых новых патрабаваньняў Тэгерана ў працоўны тэкст. Заходнія дзяржавы заявілі, што працэс ідзе занадта марудна і ў перамоўнікаў ёсьць усяго некалькі тыдняў, а ня месяцаў, перш чым заключаная ў 2015 годзе ўгода стане бессэнсоўнай.
Пагадненьне прадугледжвала зьмякчэньне санкцый у дачыненьні да Тэгерана ў абмен на абмежаваньне яго ядзернай праграмы. У 2018 годзе прэзыдэнт Дональд Трамп выйшаў з пагадненьня і аднавіў санкцыі, а Іран пасьля парушыў шмат што з абмежаваньняў і працягвае выходзіць за іхныя межы.
«Калі мы будзем упарта працаваць у наступныя дні і тыдні, мы павінны атрымаць станоўчы вынік... Гэта будзе вельмі складана. Складаныя палітычныя рашэньні мусяць быць прыняты як у Тэгеране, так і ў Вашынгтоне», — заявіў галоўны перамоўнік ад Эўразьвязу Энрыке Мора на прэс-канфэрэнцыі неўзабаве пасьля таго, як пачалася сустрэча ўдзельнікаў угоды: Ірану, Расеі, Кітаю, Францыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і ЭЗ.
Іран адмаўляецца непасрэдна сустракацца з прадстаўнікамі ЗША, таму іншым удзельнікам пагадненьня даводзіцца курсаваць паміж двума бакамі. Злучаныя Штаты неаднаразова выказвалі расчараваньне наконт гэтага фармату, заяўляючы, што ён запавольвае працэс, а заходнія афіцыйныя асобы па-ранейшаму падазраюць, што Іран проста цягне час.
Ядзерная дамова павялічыла час, неабходны Ірану, каб атрымаць матэрыял для стварэньня ядзернай бомбы. Большасьць экспэртаў гавораць, што цяпер часу засталося менш, чым да заключэньня ўгоды, хоць Іран настойвае, што хоча асвойваць ядзерныя тэхналёгіі толькі для мірных мэтаў.
Іран настойвае, каб ЗША адмянілі ўсе санкцыі, перш чым будуць зроблены крокі ў ядзернай сфэры, у той час як заходнія перамоўнікі хочуць, каб гэтыя крокі былі збалянсаваныя.
Санкцыі ЗША прывялі да скарачэньня экспарту іранскай нафты, якая зьяўляецца асноўнай крыніцай даходаў для Тэгерана.