Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў рэестар СМІ – «іншаземных агентаў» восем чалавек, сярод якіх пісьменьнік Віктар Шэндэровіч, рэдактар сацыяльных сетак Радыё Свабода Іван Бяляеў і журналістка сайту Север.Реалии Алена Ўладыкіна.
У рэестар таксама трапілі галоўны рэдактар «Холаду» Таісія Бекбулатава, удзельніцы гурту Pussy Riot Надзея Талаконьнікава і Вераніка Нікульшына, Андрэй Аляксееў, а таксама галерыст і былы сябра Грамадзкай палаты Расеі Марат Гельман. Пра гэта паведамляе «Настоящее время».
Міністэрства юстыцыі Расеі склала некалькі рэестраў «іншаземных агентаў»:
- Рэестар СМІ, якія выконваюць функцыі «іншаземнага агента»;
- Рэестар НКА, якія выконваюць функцыі «іншаземнага агента»;
- Рэестар незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, якія выконваюць функцыі «іншаземных агента».
Самы шматлікі — рэестар СМІ, у якім цяпер 111 фізычных і юрыдычных асобаў. У сьпіс уключаныя ў тым ліку такія незалежныя праекты, як The Insider, «Медуза», тэлеканал «Дождь», «Важныя гісторыі» і Bellingcat.
Раней галоўныя рэдактары больш як 20 СМІ зьвярнуліся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і міністра юстыцыі Канстанціна Чуйчанкі з патрабаваньнем ануляваць дзейны сьпіс «іншаземных агентаў» і паправіць заканадаўства аб іх, прынятае ў 2017 годзе. У 2019 годзе Пуцін падпісаў закон аб «іншаземных агентах», паводле якога «агентамі» могуць прызнаваць і фізычных асобаў.