Віктар Шэндэровіч у сваім блогу на сайце «Эхо Москвы» адзначыў, што 7 лютага ў нямецкім Штутгарце будзе ўручана прэмія ў галіне правоў чалавека 2021 году, прысуджаная Марыі Калесьнікавай Фондам імя Герхарта Баўма. Але прэмію атрымае родная сястра Марыі, бо сама ляўрэатка зь верасьня ў СІЗА.
У сваім лісьце Шэндэровіч піша, што пасьля таго, як высьветлілася, што ад «Бабарыкі ў турме шкоды менш, чым ад Калесьнікавай на волі», Лукашэнка захацеў «цішком выпхнуць Марыю з краіны», але яна «аказалася не прадметам, а чалавекам».
«Такое часам здараецца, і гэта вялікая прыкрасьць для кіраўнікоў вашага маштабу, якія народжаныя руліць масамі, але зусім не разумеюць, што рабіць з вольнымі людзьмі».
Пісьменьнік лічыць, што крымінальная справа супраць Калесьнікавай настолькі фальшывая, што «швы разыходзяцца, і белыя ніткі лезуць у вочы».
«Глядзіце самі: калі яна нанесла шкоду дзяржаве, чаму ж яе спрабавалі адправіць прэч, а не арыштавалі адразу? І навошта яна рвала свой пашпарт, калі хацела ўцячы?»
У лісьце Шэндэровіч заклікае Лукашэнку выпусьціць Марыю Калесьнікаву.
«Вы ўжо паказалі сваю неймаверную крутасьць у стаўленьні да бяззбройнага народу; вы непасрэдна маеце зносіны з багамі, і яны паведамляюць вам правільныя вынікі галасаваньня; вы геній рэгіянальнага маштабу».
Шэндэровіч перакананы, што калі Лукашэнка адпусьціць Калесьнікаву, ніхто не папракне яго ў «недастатковай жорсткасьці або схільнасьці да лібэралізму». Такія «пляма на рэпутацыі», як зьедліва напісаў аўтар блогу, Лукашэнку не пагражае.