Аляксандар Калесьнікаў распавёў пра тое, як праходзіла сустрэча, сайту Віктара Бабарыкі.
Ён сказаў, што Марыя вельмі добрае выглядае, працягвае рабіць фізычныя практыкаваньні і стала займацца ёгай. Пры гэтым, Калесьнікава ўжо амаль 8 месяцаў знаходзіцца ў камэры сама.
«Яна ад гэтага, скажам так, не ў захапленьні, і будзе настойваць, каб гэтае становішча зьмяніць. Маша расцэньвае гэтую сытуацыю ня толькі як ціск, але як парушэньне яе правоў. Згодна нават з нашымі законамі, адзіночнае заключэньне зьяўляецца пакараньнем. Ёй вельмі не хапае размоваў. Вы не ўяўляеце, зь якой радасьцю яна слухае ад мяне навіны ад родных, блізкіх, сяброў».
Апэляцыйная скарга Марыі Калесьнікавай склала 70 аркушаў рукапіснага тэксту. На думку бацькі, гэта дае ўяўленьне аб аб’ёме той інфармацыі, якую трэба было празь сябе прапусьціць.
«Выснову Маша зрабіла такую: 41 том крымінальнай справы аказаўся бяз доказаў».
Аляксандар Калесьнікаў адзначае, што зь ліставаньнем застаюцца праблемы, аднак заклікае пісаць зноў.
Адрас для лістоў Марыі Калесьнікавай: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Марыя Аляксандраўна Калесьнікава.