Эўразьвяз «прыняў да ўвагі» апублікаваны праект паправак да Канстытуцыі Беларусі, але прыярытэтам для Брусэля застаюцца «нацыянальны дыялёг і сумленныя прэзыдэнцкія выбары ў гэтай краіне», заявіў «РИА Новости» прадстаўнік Эўракамісіі.
«Мы прынялі да ўвагі публікацыю праекту паправак да Канстытуцыі. Для ЭЗ прыярытэтам застаецца спыненьне рэпрэсій, вызваленьне палітычных зьняволеных, сапраўдны інклюзыўны дыялёг, які павінен прывесьці да новых, свабодных і сумленных прэзыдэнцкіх выбараў пад назіраньнем Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ)», — сказаў прадстаўнік Эўракамісіі.
27 сьнежня ў Беларусі апублікавалі праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі, у якім прапануецца імунітэт для былога прэзыдэнта. Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам. Могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра. Таксама праект замацоўвае статус «усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што новы рэфэрэндум пройдзе ў другой палове лютага.
У пачатку сьнежня Эўразьвяз зацьвердзіў пяты санкцыйны пакет у дачыненьні да беларускага рэжыму. У яго ўвайшлі 17 фізычных асобаў і 11 арганізацый, цяпер агулам у санкцыйны сьпіс ЭЗ уваходзяць 183 фізычныя асобы і 26 арганізацый. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у ЭЗ для фізычных асобаў, а таксама замарожваньне рахункаў фізычных асобаў і арганізацый. Акрамя таго, эўрапейскім асобам і кампаніям забараняецца перадаваць сродкі фігурантам гэтых сьпісаў.