Віцэ-прэм’ер Уладзімер Дворнік, расказваючы дэпутатам пра дзейнасьць лесапрамысловага комплексу, канстатаваў, што за апошнія 70 гадоў плошча лясоў у Беларусі павялічылася ўдвая.
Паводле яго, на аднаго жыхара цяпер прыпадае 1 гектар ляснога ляндшафту, што істотна перавышае сярэдні паказьнік у Эўропе.
Найбольш папулярнае дрэва — сасна, гэты від займае 50%. Далей ідуць бярозы — 23%. А найменш у Беларусі дубоў — толькі 3%.
Віцэ-прэм’ер адзначыў, што летась нарыхтавана 28,6 мільёна кубамэтраў драўніны. Пры гэтым глыбіня перапрацоўкі ў параўнаньні з 2006 годам павялічылася з 38% да 92%.
Вырасла і колькасьць вытворцаў мэблі: з 600 да 1200. Прадукцыя прадаецца ў 70 краін, самы аб’ёмны рынак — Эўразьвяз. Сярод новых пакупнікоў — Альбанія, Кітай, Сэрбія, Тайлянд, Шры-Лянка.
Паводле Ўладзімера Дворніка, лес дае Беларусі 5,2% ад усяго ВУП краіны.