Дата дня
22 сьнежня 2001 году памёр сьвятар і перакладчык Уладзіслаў Чарняўскі.
«Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове». Вернасьць гэтаму credo беларускі сьвятар Уладзіслаў Чарняўскі пранёс праз усё жыцьцё.
Ягоны зямны шлях пачаўся ў ваколіцах старажытных Гальшанаў. Гімназія пры Друйскім кляштары айцоў марыянаў, што знаходзілася пад уплывам беларускіх ксяндзоў, дала душы моцны нацыянальны гарт. Сваю першую імшу малады сьвятар Уладзіслаў, як і некалі ягоны брат па духу Адам Станкевіч, адправіў па-беларуску ў векавечным Крэве.
Ад сярэдзіны 1950-х амаль паўстагодзьдзя айцец Уладзіслаў служыў у касьцёле Сьвятой Марыі ў Вішневе пад Валожынам.
Гэтае старажытнае мястэчка цікавае не адным касьцёлам — помнікам раньняга барока. Зь Вішневам было зьвязанае жыцьцё асьветніка часоў Рэфармацыi Сымона Буднага, у гэтых мясьцінах жылі й знайшлі апошні спачынак паэты Канстанцыя Буйло і Пятро Бітэль.
Аднак у 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя ў Вішнева прыяжджалі найперш да айца Ўладзіслава, доўгі час адзінага ў Беларусі каталіцкага сьвятара, які служыў па-беларуску. У яго бывалі Ўладзімер Караткевіч, Зянон Пазьняк, гiсторык i лiтаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч.
Да яго ехала па духоўную падтрымку адраджэнская моладзь. Я ведаю дзясяткі людзей, якія прынялі ў айца Ўладзіслава хрост. Сярод іх — вядомы праваабаронца, кандыдат на Нобэлеўскую прэмію міру Алесь Бяляцкі.
У 1960-я рымскі папа Павал VI прапанаваў ксяндзу Чарняўскаму заняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Савецкія ўлады не далі на гэта дазволу, як пазьней адхілілі й просьбу Ватыкану аб прызначэньні айца Ўладзіслава біскупам.
Улады некалькі разоў не дазвалялі яму паехаць у Рым, але былі ня ў стане пахіснуць велізарны маральны аўтарытэт сьвятара сярод вернікаў і клеру.
Ён убачыў зьдзяйсьненьне мары пра беларускую мову ў каталіцкіх сьвятынях і дачакаўся выданьня свайго перакладу Новага Запавету.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 484-485.
У гэты дзень год таму
- Сэнат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.
- Арцыбіскупу Кандрусевічу дазволілі вярнуцца ў Беларусь.
- Сілавікі правялі ператрус у офісе «Прэс-клюбу», затрыманая кіраўніца клюбу Юлія Слуцкая.
- Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прыгразіў эўрапейскім краінам перагледзець шэраг праграм Эўразьвязу, якія дзейнічаюць у Беларусі пры амбасадах.
Гэты дзень у гісторыі
1216 — Папа Ганорый III зацьвердзіў ордэн дамініканцаў.
1264 — падпісаная мірная і гандлёвая дамова Полацку з Рыгай і Інфлянцкім ордэнам.
1917 — у Менску ўтварыўся Выканаўчы камітэт Першага Ўсебеларускага зьезду.
1932 — афіцыйная рэгістрацыя Таварыства беларускай асьветы, створанага ў Вільні.
1945 — у Менску адкрыўся Беларускі тэатральны інстытут (з 1993 году — Беларуская акадэмія мастацтваў).
1989 — у Румыніі перамагла народная рэвалюцыя, скіраваная супраць рэжыму Нікалае Чаўшэску. Сам ён быў неўзабаве расстраляны разам з жонкай.
1990 — Лех Валэнса заступіў на пасаду прэзыдэнта Польшчы.
У гэты дзень нарадзіліся
1639 — Жан Расін, францускі драматург, адзін зь «Вялікай тройкі» драматургаў Францыі XVII стагодзьдзя, поруч з Карнэлем і Мальерам.
1858 — Джакама Пучыні, італьянскі кампазытар.
1922 — Алена Васілевіч, беларуская пісьменьніца.
У памяці
1937 — Янка Вярсоцкі, каталіцкі сьвятар і грамадзкі дзеяч (расстраляны).
1989 — Сэмюэл Бэкет, ірляндзкі пісьменьнік, паэт і драматург, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры (1969).