У сувязі з гэтым у МЗС Расеі 20 сьнежня выклікалі пасла Нямеччыны ў Маскве. 15 сьнежня ўлады Нямеччыны абвясьцілі непажаданымі асобамі двух супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Бэрліне. Высылка зьвязаная з прысудам у справе аб забойстве былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі.
Раней у гэты ж дзень суд у Бэрліне прыгаварыў расейца Вадзіма Красікава да пажыцьцёвага зьняволеньня па абвінавачаньні ў забойстве Хангашвілі. Паводле пракурораў, забойства замовілі расейскія спэцслужбы. Расея дачыненьне да злачынства катэгарычна адмаўляе.
16 сьнежня МЗС Расеі заявіла аб недатычнасьці высланых дыпляматаў да справы аб забойстве. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў таксама заявіў, што ў Крамлі катэгарычна ня згодныя з высновамі нямецкага суду ў справе аб забойстве Хангашвілі.