Дзьмітрыя Падлобнікава затрымалі 9 жніўня 2020 году, пратрымалі тры дні ў Петрыкаўскім РАУС і адпусьцілі на волю. Пазьней ён выехаў на працу ў Расею, аднак у траўні 2021 году быў затрыманы там паводле запыту рэжыму Лукашэнкі. Дзьмітры чакаў пастановы на экстрадыцыю ў СІЗА горада Каломна, нядаўна яго перавезьлі ў адзін з маскоўскіх СІЗА, паведамляе «Белсат».
Ад жніўня 2020 году ў Расеі арыштавалі сама меней два дзясяткі беларусаў у справах, зьвязаных з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі. Некаторых ужо выслалі на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя ці дэпартацыя.
Масква рэдка адмаўляе Менску і дапускае да затрыманьняў на сваёй тэрыторыі беларускіх сілавікоў. Журналісты выявілі экстрадыцыйныя справы, пра якія ня ведаюць нават праваабаронцы.