Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночы твар беларускага пратэсту. Адбылася прэм’ера дакумэнтальнага сэрыялу «Талака» Максімаса Мілты


Жаночы марш, Менск, 5 верасьня 2020
Жаночы марш, Менск, 5 верасьня 2020

Менавіта «талакой» — традыцыйнай формай калектыўнай узаемадапамогі ў беларусаў — можна назваць час жнівеньскіх пратэстаў 2020 году ў Беларусі, лічаць стваральнікі сэрыялу.

Тады зьявіліся дзясяткі фондаў падтрымкі тых, хто пацярпеў ад дзеяньняў уладаў. Людзі дапамагалі і працягваюць дапамагаць тым, хто страціў працу і апынуўся за кратамі праз свае погляды. Адным з абʼяднаўчых элемэнтаў беларускай талакі сталі жанчыны.

Дакумэнтальны шматсэрыйны праект «Талака» расказвае пра гераінь беларускага пратэсту, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і пасяліцца ў Вільні. Але яны ня трацяць надзеі вярнуцца на радзіму.

Жанчыны расказваюць пра свой вопыт удзелу ў пратэстах і пра іх наступствы, пра рэпрэсіі і пра эміграцыю, пра месца жанчыны ў беларускім грамадзтве і гонар за прыналежнасьць да свайго народу. Кожны эпізод прысьвечаны асобнай гераіні. Сярод іх:

  • опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук,
  • вядомая тэлевядучая Кацярына Пытлева,
  • фэміністка Юлія Міцкевіч,
  • алімпійская спартоўка Кацярына Сныціна,
  • паэтка і прадпрымальніца Дарʼя Лобань,
  • мэдыяпрадусар Анастасія Касьцюгова,
  • палітоляг Кацярына Шмаціна,
  • стваральніца Горадзенскага дзіцячага хосьпісу Вольга Вялічка,
  • дызайнэрка адзеньня Аляксандра Жук,
  • блогерка і стваральніца плятформы Voices from Belarus Аляксандра Зьверава.

Першая сэрыя ўжо даступная на ютуб-канале «Настоящее время. Док».

Аўтар праекту Максімас Мілта расказаў «Настоящему времени» пра тое, як ствараўся праект.

Максімас Мілта
Максімас Мілта

— Рэч у тым, што ў жніўні 2020 году я знаходзіўся ў Менску, і хоць я ніколі ня быў журналістам, я аказаўся актыўна ўцягнуты ў поле падзеяў, пачаў іх камэнтаваць для літоўскіх мэдыя і для міжнародных, ад нейкіх рэгіянальных да BBC. Калі я назіраў за тым, што адбываецца, у мяне, натуральна, нейкія мэнтальныя нататкі адклаліся.

Мірны характар пратэсту і жаночы рух — гэта тыя два фактары, якія немагчыма было ігнараваць. А зь іншага боку, будучы сам зь Вільні, я выдатна ўсьведамляю яго значнасьць ня толькі для літоўцаў, але і для народаў, якія складалі Вялікае Княства Літоўскае, і я разумеў, што гэта нейкі вялікі топас. І, мусіць, важным пунктам для старту для мяне было першае палітычнае беларускае эсэ «Адвечным шляхам». Яго напісаў беларускі філёзаф Ігнат Абдзіраловіч у Вільні ў вельмі маладым узросьце ў 1921 годзе. І мне падалося, што гэта вельмі цікавая гадавіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG