Расея выкарыстала права вэта для галасаваньня аб праекце рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб зьмяненьні клімату. Праект прапанавалі Ірляндыя і Нігер. Яго падтрымалі 12 з 15 членаў Рады Бясьпекі. Індыя таксама прагаласавала супраць, а Кітай устрымаўся.
Абгрунтоўваючы рашэньне Масквы, пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя заявіў, што «міжнародная супольнасьць глыбока падзялілася ў пытаньнях клімату».
«Гэта фактычна прывядзе да глыбокага расколу, няўдачы ў барацьбе са зьменай клімату», — сказаў ён.
Euronews адзначае, што праект заклікае генэральнага сакратара Антонію Гутэрыша «ўключыць рызыкі кліматычнай бясьпекі ў якасьці цэнтральнага элемэнту ў сумесную стратэгію ААН у прадухіленьні канфліктаў».
Амбасадар ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што вэта Расеі «ня мае апраўданьня». Паводле яе, «кліматычны крызіс — гэта крызіс бясьпекі».
Францыя лічыць, што існуе сувязь паміж глябальным пацяпленьнем і бясьпекай: доступ да вады, недахоп ежы і адсутнасьць кліматычнай бясьпекі дазваляюць «ўзброеным групам квітнець», выкарыстоўваючы ўразьлівасьць насельніцтва, сказаў францускі прадстаўнік пры ААН.