Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 40 гадоў таму ў Польшчы абвясьцілі ваеннае становішча


Генэрал Ярузэльскі абвяшчае ваеннае становішча ў Польшчы, 13 сьнежня 1981 году
Генэрал Ярузэльскі абвяшчае ваеннае становішча ў Польшчы, 13 сьнежня 1981 году

Падзеі 13 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

Дзень у гісторыі

1620 — Ворша атрымала герб: у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж.

1919 — Пётра Крачэўскі абраны старшынём Рады БНР. Ён выконваў гэтую місію да канца жыцьця, якое закончылася ў 1928 годзе на эміграцыі ў Празе.

1920 — другі Ўсебеларускі зьезьд Саветаў прыняў дапаўненьні да Канстытуцыі БССР і ратыфікаваў Рыскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Зьезд выказаўся за перавод усіх дзяржаўных установаў на беларускую мову.

1937 — войскі Японіі захапілі кітайскі горад Нанкін. Пачалася Нанкінская разьня, якая доўжылася 6 тыдняў і ў выніку якой было забіта, па розных зьвестках, ад 150 да 300 тысячаў чалавек.

1981 — генэрал Войцех Ярузэльскі абвясьціў у Польшчы ваеннае становішча.

2003 — вайскоўцы ЗША знайшлі ў схованцы і арыштавалі былога ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна.

Садам Хусэйн падчас судовага працэсу над ім, 2006
Садам Хусэйн падчас судовага працэсу над ім, 2006

У гэты дзень нарадзіліся

1553 — Анры IV Вялікі, першы кароль Францыі з дынастыі Бурбонаў.

1797 — Гайнрых Гайнэ, нямецкі паэт.

Гайнрых Гайнэ
Гайнрых Гайнэ

1816 — Эрнст фон Сымэнс, нямецкі вынаходнік і заснавальнік аднайменнай фірмы.

1874 — Арнольд Шэнбэрг, аўстрыйскі кампазытар-мадэрніст.

1894 — Юліян Тувім, польскі паэт.

1907 — Мікалай Лапіцкі, настаяцель першай беларускай царквы на эміграцыі. Цягам некалькіх гадоў у дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР Лапіцкі чытаў у Кангрэсе ЗША прысьвечаную гэтай падзеі малітву.

«Кожны народ павінен мець сваю Царкву, інакш ён ніколі ня будзе суб’ектам міжнародных дачыненьняў ды астанецца аб’ектам міжнароднага гандлю». Так завострана й дакладна гэтую думку мог сфармуляваць толькі беларускі сьвятар, што валодаў такімі грунтоўнымі гістарычнымі ведамі, як айцец Мікалай Лапіцкі.

У ліпені 1934-га, атрымаўшы дыплём багаслоўскага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту, ён быў рукапакладзены ў сан і прызначаны на першы прыход у Ашмяны. Неўзабаве айцец Мікалай бліскуча абараніў магістарскую працу на тэму «Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панаваньня Ўладыслава Ягайлы». Беларуская мова і патрыятычныя казаньні маладога адукаванага сьвятара вельмі хутка заўважылі царкоўныя й сьвецкія польскія ўлады. Лапіцкі мусіў ехаць да новага месца службы — у глухую вёску Сьцяфанпольле на Дзісеншчыне.

У гады вайны ён займаецца пошукам і вызваленьнем з канцлягераў ваеннапалонных беларусаў, сам трапляе ў рукі СД, а вярнуўшыся на волю, далучаецца да адбудовы Беларускай праваслаўнай царквы.

Пасьля аўтакефальнага царкоўнага сабору 1942 году Лапіцкага прызначылі настаяцелем менскай Чыгуначнай царквы, якую старыя менчукі й цяпер згадваюць добрым словам — як і сьвятара, што ў нялюдзкі час знаходзіў для кожнага слова спагады й падтрымкі.

Па вайне айцец Мікалай разам зь Беларускім царкоўным камітэтам склікаў у Рэгенсбургу зьезд духавенства і вернікаў з заходніх акупацыйных зонаў Нямеччыны. Зьезд катэгарычна выступіў супраць уваходу беларускіх япіскапаў у склад Расейскай замежнай царквы. Лапіцкі, дарэчы, заўсёды падкрэсьліваў, што хрысьціянства прыйшло на нашыя землі ня з Кіева і, пагатоў, не з Масквы, а з Канстантынопалю, а таму Беларуская аўтакефалія мусіць знаходзіцца ва ўлоньні Ўсяленскага Канстантынопальскага патрыярха.

Жывучы ў ЗША, айцец Мікалай працягваў сваё сьвятарскае служэньне: узначальваў прыход Сьвятой Эўфрасіньні ў адным з цэнтраў нашай эміграцыі ў Новым Сьвеце — горадзе Саўт-Рывэры, выдаваў часопіс «Царкоўны Сьветач». Цягам некалькіх гадоў у дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР Лапіцкі чытаў у Кангрэсе ЗША прысьвечаную гэтай падзеі малітву.

Найлепшым помнікам ахвярнаму сьвятару сталася выдадзеная ў 2006-м Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку ды Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі навук кніга «Мікалай Лапіцкі. У служэньні Богу й Беларусі». Гэты фаліянт выйшаў пры чынным удзеле дачкі айца Мікалая Лёлі й сына Жоржа, якія больш чым праз шэсьць дзесяцігодзьдзяў пасьля расстаньня зь зямлёю бацькоў наведалі Радзіму і ўразілі мяне выдатнай беларускай мовай і вераю ў будучую эўрапейскую дэмакратычную Беларусь.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды

1919 — Валяр’яна Жолтак, мастачка, заслужаная дзяячка мастацтва Беларусі.

1941 — Мікола Маляўка, беларускі паэт.

У памяці

1944 — Васіль Кандзінскі, расейскі мастак, адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG