Дата дня
9 сьнежня 1891 году ў Менску нарадзіўся Максім Багдановіч, паэт, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.
Кажуць, паэзія ня здольная зьмяніць сьвет. Напэўна, так, але я не сумняюся, што ў яе сілах павярнуць у іншым кірунку лёс асобнага чалавека.
Жывое сьведчаньне — мой сябар Вінцэсь Мудроў, які ў школьным юнацтве (тады яшчэ Віця) аднойчы выцягнуў з кучы сабранай піянэрамі макулятуры хрэстаматыю беларускай літаратуры. Нескладана ўявіць, зь якімі пачуцьцямі перагортваў гэтую зацухмоленую, прапахлую цьвільлю кнігу вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы сын афіцэра-расейца. Але здарылася дзіва, пра якое сам Вінцэсь апавядае ў сваёй кнізе «Ператвораныя ў попел»:
«„Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк...“ Я прачытаў верш паўшэптам і адразу ж запомніў. Тут жа, у хрэстаматыі, былі „Вечар на захадзе ў попеле тушыць...“, „Прывет табе, жыцьцё на волі!..“ і, нарэшце, „Зорка Вэнэра“. Максімавы вершы папросту ашаламілі...
Мяне апанавала Беларусь. Не, ня тая Беларусь, дзе я нарадзіўся і жыў... а той край, дзе жылі Максім і Вэраніка, дзе тнулі ў неба вежы касьцёла Сьвятой Ганны і над зямлёю, працінаючы сэрцы закаханых вострымі дзідамі промняў, узыходзіла зорка Вэнэра.
Кругагляд маёй душы, у якім не хапала аднаго сэгмэнту, набыў завершаную форму».
Дадамо, што Мудроў неўзабаве зрабіўся рэдактарам самвыдавецкага літаратурнага альманаху «Блакітны ліхтар», а па часе — адным з найцікавейшых сучасных беларускіх пісьменьнікаў.
У Максіма Багдановіча шчасьлівае й лёсавызначальнае адкрыцьцё Беларусі адбылося яшчэ раней. Маючы дзесяць зь нечым гадоў, ён ужо спрабаваў пісаць па-беларуску.
Прытым адзначым: бацька паэта не ўхваляў сынавага захапленьня, мяркуючы, што беларусіка «больш замінала ягоным посьпехам, чым спрыяла».
Падзеяй велізарнае значнасьці ў паэтавым жыцьці сталася паездка ў Беларусь улетку 1911 году. Яго запрасілі супрацоўнікі «Нашае Нівы» Іван і Антон Луцкевічы, якія ўжо бачылі агульнанацыянальны маштаб таленту беларускага юнака зь Яраслаўлю.
У 1915-м нарадзіўся шэдэўр ягонай паэзіі — верш «Пагоня», які стаў адным зь неафіцыйных беларускіх гімнаў:
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць...
У 1917-м сябры выправілі яго на лекаваньне ў Ялту... Вядома, што ў свае апошнія дні, «у краіне сьветлай», дзе ён паміраў, паэт займаўся ўкладаньнем беларускага лемантара.
Лемантарамі для тысяч і тысяч беларусаў сталіся ягоныя кнігі.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 110-111.
У гэты дзень год таму
- Кіраўнікі амбасадаў дзяржаваў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і ЗША сустрэліся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Яны заклікалі спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў ды ўсіх несправядліва затрыманых.
- Памёр Вячаслаў Кебіч, першы прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь, які падпісаў Белавескія пагадненьні.
- Генэральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне злачынстваў супраць чалавечнасьці па скарзе грамадзяніна Беларусі.
- Сьпіс людзей, якіх праваабарончыя арганізацыі назвалі палітзьняволенымі, вырас у Беларусі да 141.
Гэты дзень у гісторыі
1948 — Генэральная Асамблея ААН ухваліла Міжнародную канвэнцыю аб папярэджваньні злачынства генацыду і пакараньні за яго.
1961 — у Ерусаліме ізраільскі суд прызнаў Адольфа Айхмана вінаватым у злачынствах супраць чалавецтва і прыгаварыў да сьмяротнага пакараньня. У нацысцкай Нямеччыне Айхман узначальваў аддзел у справе габрэяў Галоўнага ўпраўленьня імпэрскай бясьпекі.
1976 — быў заснаваны Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту.
1981 — у Менску адкрылі помнік Максіму Багдановічу.
1990 — Лех Валэнса перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы.
2001 — у горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласьці ўрачыста адкрыты помнік паэтцы Ларысе Геніюш.
У гэты дзень нарадзіліся
1842 — Пётра Крапоткін, расейскі тэарэтык анархізму, гісторык, літаратар.
1893 — Станіслаў Шыманоўскі, беларускі паэт.
1916 — Керк Дуглас, амэрыканскі актор, сын эмігрантаў зь Беларусі.
У памяці
1268 — Войшалк, вялікі князь літоўскі (забіты).
1973 — Янка Шутовіч, літаратуразнаўца, выдавец, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў і ГУЛАГу.
Калі ў шасьцідзясятыя-сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя вам даводзілася бываць у Віленскай карціннай галерэі, якая месьцілася тады ў Катэдры на пляцы Гедыміна, вы і не падазравалі, што, магчыма, найлепшую экскурсію тут мог бы правесьці не супрацоўнік музэю, а — ягоны вартаўнік.
Вартаўніка звалі Янка Шутовіч.
Асьвету ён здабываў у Віленскай беларускай гімназіі, а пасьля на юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. У тагачаснай Вільні, неафіцыйнай сталіцы Заходняй Беларусі, Шутовіч рэдагаваў пэрыёдыкі «Студэнцкая думка» і «Шлях моладзі», выдаваў часопіс «Калосьсе», дзе друкаваліся Натальля Арсеньнева і Максім Танк, Адам і Янка Станкевічы... (Фатакопіямі гэтых выданьняў мы зь сябрамі зачытваліся ў сваім адраджэнска-самвыдавецкім юнацтве.)
Адданасьць Янкі беларускай справе не засталася незаўважанай, і з польскага канцлягера ў Бярозе-Картускай ён выйшаў толькі ў верасьні 1939-га.
Але быў з тых, для каго новая ўлада неўзабаве таксама пачала рыхтаваць надзейнае месца за калючым дротам.
1941-ы засьпеў Шутовіча на пасадзе дырэктара Віленскага Беларускага музэю.
Калі над найкаштоўнейшымі экспанатамі навісла пагроза вывазу ў Нямеччыну, дырэктару ўдалося перахаваць іх у сутарэньнях касьцёла Сьвятога Міхала пад апекай ксяндза Адама Станкевіча.
Зь лягераў ён вярнуўся ў Вільню ў 1956-м. Беларускага музэю ўжо даўно не існавала, але некаторыя экспанаты трапілі ў Карцінную галерэю. Мо якраз гэтая акалічнасьць паспрыяла таму, што зь небагатых магчымасьцяў працаўладкаваньня спадар Янка і выбраў пасаду начнога вартаўніка.
Лягерныя гады ня здолелі забіць у ім дасьледніка і літаратара. Гэта Шутовіч знайшоў у віленскіх архівах неацэнны рукапіс раману Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары».
Сярод неапублікаванай Янкавай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра сябра — праслаўленага беларускага сьпевака Міхала Забэйду-Суміцкага.
Дзякуючы спадару Янку захаваліся апублікаваныя ўжо ў нашыя дні дзёньнікі лідэра беларускага каталіцкага руху Адама Станкевіча.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 300-301.
2004 — Сяргей Войчанка, беларускі мастак і дызайнэр.
У свой час яго адлічвалі зь Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, а потым аднаўлялі. Адлічвалі за тое, што пабіўся з сакратаром камітэту камсамолу, калі той узяўся чытаць Сяргею мараль. Аднаўлялі — за тое, што ён быў мастаком ад Бога.
Ён працаваў у жанры плякату, кніжнай графікі, жывапісу і, за што б ні браўся, імкнуўся да ўзроўню шэдэўру. Вельмі часта гэта атрымлівалася. Паглядзіце жывапісныя кампазыцыі «Чарапаха», «Чынгісхан», «Насарог», што твораць свой, не падобны ні на чый іншы, шматсэнсавы мэтафізычны сьвет.
Яшчэ ад студэнцкіх гадоў у Сяргея склаўся творчы тандэм з Уладзімерам Цэсьлерам. Сёй-той нават лічыў, што Войчанка-Цэсьлер — гэта адзін мастак з падвойным прозьвішчам. Усё лепшае — і ў жывапісе, і ў плякаце — яны стварылі разам. У 2006-м на Міжнародны дзень музэяў чарга ахвотнікаў трапіць у Нацыянальны мастацкі музэй на аднадзённую (дакладней, аднаночную) выставу іхніх плякатаў, многія зь якіх сталі ўжо клясыкай жанру, выцягнулася да праспэкту Незалежнасьці.
Іхняя майстэрня ў доме на рагу Ўльянаўскай і Чырвонаармейскай сталася менскай славутасьцю. Сяргея з Уладзімерам называлі самымі пасьпяховымі дызайнэрамі постсавецкай прасторы. Чуткі пра іх нібыта фантастычныя ганарары кідалі зайздросьлівых калегаў у роспач. Тыя маглі б супакоіцца, даведаўшыся, што аднойчы за стварэньне дзьвюх паштовых марак Міністэрства сувязі заплаціла Войчанку й Цэсьлеру шаснаццаць тысяч беларускіх рублёў, або чатыры даляры на брата, у той самы час, калі іх каляжанцы — беларускай мастачцы, што жыве ў Гішпаніі, за такую самую працу заплацілі таксама шаснаццаць тысяч, але эўра.
Да 50-годзьдзя перамогі над нацысцкай Нямеччынай яны рабілі плякат на замову ўраду Масквы. Тагачасны мэр расейскае сталіцы Лужкоў, сказаўшы ветлівыя словы пра арыгінальнае вырашэньне тэмы, працу забракаваў. На плякаце вэтэран трымаў у выцягнутай руцэ фуражку, а ў ёй жабрацкай міласьцінай паблісквалі баявыя ўзнагароды.
Сяргей не любіў пінжакоў і наагул гарнітураў як зьяву. Больш за іх ён не трываў толькі гальштукі.
У труне Войчанка ляжаў у сваім улюбёным швэдры і выглядаў зусім не нябожчыкам — быццам прылёг адпачыць або вырашыў зладзіць экстравагантны пэрформанс.
Мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі адгукнуўся на Сяргееў сыход грунтоўнымі артыкуламі пра вялікую страту нашага мастацтва. А пісьменьнік і мастак Адам Глобус напісаў верш:
Мы малявалі, балявалі,
Пілі гарэлку, разважалі
Пра зоркі Чапліна з Шагалам.
Гарэлкі ўсё было замала.
Жыцьцё прайшло, і ты памёр.
Цябе занесьлі на касьцёр,
У родны менскі крэматорый.
Такая простая гісторыя
З Шагалам, Чапліным і зоркамі
Над беларускімі пагоркамі...
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 530-531.
2016 — Уладзімер Дзіско, заслужаны настаўнік Беларусі, выкладчык беларускай мовы Коласаўскага ліцэю.