Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Марфе Рабковай блякуюць лісты і не выклікаюць лекараў


Гомельскае СІЗА № 3 ў дзень пачатку суду над блогерамі і палітыкамі 24 чэрвеня 2021
Гомельскае СІЗА № 3 ў дзень пачатку суду над блогерамі і палітыкамі 24 чэрвеня 2021

На 6 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ў Беларусі 907 чалавек. За кратамі на гэтых людзей працягваецца ціск з боку сілавікоў.

Марфа Рабкова ў СІЗА ня можа дамагчыся мэдычнай дапамогі

Палітзьняволеная праваабаронца Марфа Рабкова ня можа дамагчыся мэдычнай дапамогі, а ліставаньне блякуюць за згадваньне выстаўленых ёй крымінальных артыкулаў.

Як адзначае «Вясна», у канцы лістапада – пачатку сьнежня Марфа Рабкова спрабавала дамагчыся прызначэньня дыягностыкі, бо ня так даўно была амаль непрытомная ад спазматычных боляў. Напісала шэсьць заяваў, «і ніякай рэакцыі», паведаміла Марфа ў адным са сваіх лістоў.

Акрамя таго, адміністрацыя СІЗА не выпускае лістоў праваабаронцы, у якіх яна паведамляе пра колькасьць выстаўленых ёй крымінальных артыкулаў.

Марыя Рабкова, зьняволеная Каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны».
Марыя Рабкова, зьняволеная Каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны».

«Прынцыпова адпраўляю іх назад бязь зьменаў, бо гэта ня ёсьць таямніцай сьледзтва, — настойвае Марфа Рабкова. — Уклала ў ліст запіску цэнзару, дзе расьпісала, што няма такіх прававых нормаў, паводле якіх не магу напісаць артыкулы. Я ж не пішу пра сутнасьць абвінавачаньня».

Як стала вядома праваабаронцам, Марфе Рабковай прад’явілі 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Паводле іх праваабаронцы пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Каардынатарку валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову затрымалі 17 верасьня 2020 году. Сьпярша фігураваў толькі арт. 293 Крымінальнага кодэксу — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне такой дзейнасьці).

Аднак сёлета 11 лютага праваабаронцы выставілі новыя абвінавачваньні паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады групай нявысьветленых асобаў) і ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі).

А ў пачатку сьнежня Марфе Рабковай удалося напісаць у адным са сваіх лістоў пра тое, што ёй прад’яўляюць ажно 13 артыкулаў.

Падтрымаць Марфу Рабкову лістамі салідарнасьці можна на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG