Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна хоча абмежаваць пастаўку беларускай фанэры на свой рынак. З прычыны дэмпінгу


Гомельская фанэрна-запалкавая фабрыка. Ілюстрацыйнае фота
Гомельская фанэрна-запалкавая фабрыка. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны ў інтарэсах пяці нацыянальных вытворцаў пачало антыдэмпінгавае расьсьледаваньне аб пастаўках фанэры зь Беларусі. Вытворцы паскардзіліся на дэмпінгавыя цэны і аб’ём беларускіх паставак.

Як адзначаюць у супольнай заяве ўкраінскія прадпрыемствы, цягам апошніх трох гадоў аб’ём паставак беларускай фанэры ва Ўкраіну вырас у абсалютных велічынях на 691%, а ў спажываньні і вытворчасьці гэтай прадукцыі ва Ўкраіне адпаведна на 559% і 858%. Пры гэтым пастаўкі ішлі за дэмпінгавыя цэны.

Папярэдне прааналізаваўшы інфармацыю, Міністэрства эканомікі палічыла, што такая сытуацыя на рынку можа спрычыніць шкоду ўкраінскім вытворцам.

Згодна з заканадаўствам Украіны тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а ў надзвычайных абставінах можа быць падоўжаны да 330 дзён. Цяпер Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны абвясьціла рэгістрацыю зацікаўленых бакоў, якія цягам двух месяцаў павінны ў пісьмовым выглядзе накіраваць камэнтары да сытуацыі з пастаўкамі фанэры зь Беларусі.

Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам

  • Найбліжэйшым часам Украіна мае абвясьціць вынікі пачатага ў жніўні 2019 году антыдэмпінгавага расьсьледаваньня што да азотных угнаеньняў зь Беларусі, краін Эўразьвязу, Турэччыны, Казахстану, Грузіі, Кітаю і ЗША. Папярэдне прадстаўнікі ўраду Ўкраіны анансавалі ўвядзеньне квотаў на нітрат амонію, вапна-аміячную салетру, карбамід і карбаміда-аміячныя сумесі. Гэтая прадукцыя займае істотную частку ў гандлі Беларусі з Украінай.
  • Сёлета ў траўні Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.
  • З 26 сакавіка набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
  • 1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні паставак прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
  • У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала мытам у 57,03% пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту.
  • Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавы збор, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG