Аглядальнікі ацэньваюць пастанову як адказ на ўвядзеньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
У пастанове вызначаны пералік тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і яго дзяржаў-сябраў, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Каралеўства Нарвэгія, Рэспублікі Альбанія, Рэспублікі Ісьляндыя, Рэспублікі Паўночная Македонія, Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарскай Канфэдэрацыі.
У пералік забароненых тавараў уваходзяць:
- жывыя сьвіньні,
- мяса буйной рагатай жывёлы, сьвежае альбо ахалоджанае,
- мяса буйной рагатай жывёлы замарожанае,
- субпрадукты буйной рагатай жывёлы і іншых жывёлаў (у тым ліку сьвіней, авечак, козаў, аслоў),
- мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі,
- мяса салёнае, у расоле, сушанае і вэнджанае, харчовая мука зь мяса і мясных субпрадуктаў,
- малако і малочная прадукцыя, за выключэньнем безьляктознай прадукцыі,
- гародніна, за выключэньнем той, што выкарыстоўваецца для пасеву,
- садавіна і арэхі,
- тлушч сьвіней, птушкі, авечак і козаў, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя маслы,
- каўбасы і аналягічныя прадукты,
- кандытарскія вырабы (акрамя какава-парашку),
- соль.
Выключэньне зроблена для дзіцячага харчаваньня і дыетычнага харчаваньня (для малочнай прадукцыі)
Пастанова ўраду ўступае ў сілу 1 студзеня 2022 году.
Вышэйпералічаныя тавары дазваляецца ўвозіць на тэрыторыю Беларусі прыватным асобам для асабістага спажываньня, а таксама вытворцам у мэтах перапрацоўкі.
- 2 сьнежня Эўразьвяз увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый. У адказ кіраўніцтва краіны заявіла, што падрыхтуе «асымэтрычныя» крокі. Празь некалькі дзён пасьля таго новыя абмежаваньні ўвялі ЗША.
Сацсеткі імгненна адрэагавалі на пастанову ўраду:
- «Запасайцеся хамонам!» («Мерзкий кокобой»)
- «Як бачыце, рыбы там няма. Пэўна, пастараліся шырока вядомыя ў вузкіх колах бізнэсы». («Эканоміка па-беларуску»).
- «Ня будзе вашых польскіх яблык з 1 студзеня!» («Gypsуnkov»).
- «У адказ на пяты пакет санкцыяў Беларусь з 1 студзеня ўвядзе 9,3 млн пустых пакетаў». (Міша Ільлін)
- «Навіна дня: З 1 студзеня 2022 году беларускія крэвэткі будуць есьці ня толькі расіяне, але і самі беларусы».